Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 270

Невядомы

Пастаўленае некім раней цяпер трывала стаіць на сваіх гліняных нагах, і ставіць само сябе. І няма таго, хто можа яго зваліць, ці хаця б убачыць ягонае падзеньне. Замста бытнага сталася чыннай наяўнасьцю нябытнага. Пастухі ў капшуках усясьветнай павуціны. Дом, перабудаваны ў вязьніцу, зь якой павыганялі зьняволеных.

Дзень незалежнасьці машыны не сьвяткуецца на дзяржаўным узроўні. Шрубы й поршні, правады й паўправаднікі ўсьвядомілі сваю непаўторную індывідуальнасьць. Жыцьцё аддана стараннай перадачы энэргіі ўдзячным аднаразавым плястыкавым нашчадкам. Расклад руху цягнікоў як усьвядомленая неабходнасьць, свабода.

Нічога й нікога не існуе. Існаваньне ня проста страціла сэнс, але рашчынілася ў актыўна нябытным, і ня ёсьць болей ніяк. Сэрыйныя думкі, пацалункі, мэбля, адзежа, паставы й мігі цела. Глябальны полавы акт, які паўтараецца ў любым часе й месцы, у любой форме, заўсёды тоесны сам сабе.

У свой час бытнае паставіла, і вось ужо бог з канвэера. Нябытнае стварае сусьветы з шалёнай хуткасьцю, лёгкасьцю й размахам, абставіўшы бога ня якасьцю дык колькасьцю. Атрымліваецца пакуль што надзіва квадратна. Хаця поступ — відавочны, няма сумневаў, што колькасьць кропак на цалю можна павялічваць бясконца.

Штучныя бытныя нічым ня розьняцца ад натуральнага, натуральнасьць якога даўно пад пытальнікам. У жанчыну ў нумаральным фармаце можна закахацца, зь ёй можна пераспаць, ажаніцца, і шчасьліва пражыць увесь засталы час. Ёй можна прысьвячаць элегіі, оды, лісты.

Між тым, бытнае завалена сьмецьцем, экскрэмэнтамі, памыямі й выкідамі нябытнага. Утылізацыя й перапрацоўка ўтылю павінны праходзіць як мага больш незаўважна. Бясконцая рэінкарнацыя адкідаў з мэтай зрабіць момант выкіду й працягласьць ляжаньня ў полі зроку найкарацейшымі.

Нябытнае вызначае сьвядомасьць. Бытнае не вызначае нябытнага, г.зн. не вызначае нічога. Досыць. Мастацкі чын сусьветаў не стварае. Сусьветы ствараюць багі й машыны. Нічога мастацкага ні ў першым, ні ў другім выпадку не адбывалася, не адбываецца і не адбудзецца. Творчасьць нябытнага вывучаецца ў школах, унівэрсытэтах, шырока асьвятляецца ў прэсе, каталягізуецца й захоўваецца ў музэях.

Змагацца з машынай ня тое што немагчыма, проста няма каму. Любыя спробы бунту й супраціву яна скарыстоўвае. На сваю карысьць, натуральна. Больш за гэта, бунт, супраціў сталіся асноўным мэханізмам самапастаўленьня. Змаганьне з машынай празь небыцьцё ёю — бязглузьдзіца, бо яна — ўрэчаісьненае нябытнае.

Мастацкі чын не вызначаецца месцам і часам, але адбываецца ў канкрэтным месцы, не пазначаным на мапе, і ў канкрэтным часе, на якім не спыняюцца стрэлкі гадзіньніка. Любыя пошукі й чаканьні вырачаны на паразу. Усе сьведкі гавораць адно, і значыць — хлусяць. Між бытным і машынай назаўжды кастанэдавы прыцемкі.

Нябытнае закормлена вобразамі й архетыпамі. Вочы Вія да апошняй хвілі былі заплюшчаны. Набліжаецца новае адкрыцьцё рэчаіснасьці, хоць праўдзівей — першае. Уздымаюць ягоныя веі, і ўся сукупнасьць шкляных перлінаў тупа зерыць на спустошаны краявід. У зрэнках люструецца зімная памежная шэрань, і хіба ад холаду веі могуць самкнуцца зноў.