Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 265

Невядомы

Будуйма! А падтрымкай нашым будням Сямён Будзённы із Сымонам Будным, Афрык Сымон (музыка), дзядзька Сэм, Сім, Хам, Яфэт… Збудуйма нармалёва І Будапэшт, і Буда-Кашалёва, Буэнас-Айрас, Бургас, Бэтлеем!

Стварайма. З намі дагэтуль нястрачаныя вартасьці й неўміручыя каштоўнасьці, героі мінулага й супэргероі цяперашняга, Шварцэнэгер і Чакраборці, “Манчэстэр Юнайтэд” і Міхаэль Шумахер, Дыснэй і пакемоны. Яны змагаюцца на нашым баку. Яны нам дапамогуць. Яны любяць нас.

2001 г.

Безназоўнае

ПЕРАКРУТРАЗРЫЎПАДЗЕЛ

Theatron — па-старагрэцку “відоўня, відовішча” — вытворны ад theaomai — “бачыць, пазіраць”. Theaomai — дзеяслоў сярэдне-залежнага стану, што літаральна значыць “бачыцца, бачыць сябе”. Убачыць можна тое, што знаходзіцца вонках сябе. Каб убачыць сябе, трэба апынуцца вонках сябе, то бок выйсьці зь сябе. Суб’ект павінен зрабіцца для сябе аб’ектам, а гэта здараецца толькі ў люстры. Такім чынам выйсьце зь сябе аўтаматычна значыць апыненьне ў люстэрку. Выйсьце зь сябе вядомае таксама як чалавечая “экзыстэнцыя”, жаночая “гістэрыя” й духовы “экстаз”. Бачыць сябе — значыць адлюстроўвацца й бачыць сваё адлюстраваньне.