Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 260

Невядомы

Альбо іншы прыклад, таксама з аўтаркі, якая пасьпела задаць тон у маладой літаратуры, з Вальжыны Мартынавай-Морт. Верш, што пачынаўся парай напраўду яркіх радкоў, заканчваецца так:

Жырабе немя, жырабе! Гірабе ема на жымя. Цьжука ешаін цьёсь цьцёжы… Беражы мяне, беражы!

Калі першае ачмурэньне мінае, нават разумееш, што гэта ня поўная бязглузьдзіца, а перастаўленыя месцамі склады, і калі перасунуць іх назад, выйдуць тыя самыя яркія радкі: “Беражы мяне, беражы!/Берагі мае на мяжы!” Трэці радок, атрыманы такім чынам, гучыць так: “Кажуць, іншае ёсьць жыцьцё…” Кажуць — дадам ад сябе — ёсьць іншыя літаратурныя гульні, і сумна было б думаць, што гэта й ёсьць найвышэйшаю планкю, даступнаю гульнёвай паэтыцы маладых постмадэрністаў.

Вось жа, другая рэтардацыя ў сучаснай беларускай літаратуры зьвязана з тым, што беларускі постмадэрнізм, як кожны падлетак на пэўным этапе свайго сталеньня, перажывае складанасьці, характэрныя для пераходнага ўзросту. Глісты, мерцьвякі, кава са спэрмаю й кроў, кроў, кроў, якія зрабілі сваёй зброяй маладыя літаратары, прынесьлі пэўную вядомасьць іхным аўтарам, але наўрад ці дадалі папулярнасьці беларускаму слову. Бо тое, чым можна, у найлепшым выпадку, эпатаваць ці, выказваючыся па-сёньняшняму, “засьцябаць”, што можа выклікаць гістэрычны рогат, але ж не падмацавана вытанчаным густам аўтара, наўрад ці фармуе добры густ і ў тых, што яшчэ не страцілі прыемнасьці ад чытаньня ці слуханьня беларускай паэзіі дый, паэзіі наагул. Натуральна, у паэзіі няма й ня можа быць забароненых тэм, але ёсьць тэмы, што вымагаюць нашмат большага эстэтычнага чуцьця й павышаюць для маладога аўтара рызыку, перапрашаю, аблажацца.

Творчасьць нашых маладых літаратараў — безумоўна, варыянт постмадэрнізму, але ж, так бы мовіць, варыянт дзіцячы. Такая творчасьць — наскрозь гульнёвая, але ж дарослыя ад такіх гульняў (Валянцін Акудовіч ня лічыцца!), найхутчэй, устрымаюцца. Гады росквіту “Бумбамліту” былі гадамі прыгожага, шчасьлівага дзяцінства беларускага постмадэрну. Покуль нечым такім займаюцца дзеці й юнакі, яны здаюцца мілымі, таленавітымі й нават геніяльнымі, калі ж адбываецца сталеньне, а мастацкія практыкі ні ў чым якасна не зьмяняюцца, гэта пачынае выклікаць зьдзіўленьне й трывогу. Ці не таму “бумбамліт” фактычна спыніў сваё супольнае існаваньне, ператварыўшыся проста ў энную колькасьць пісьменьнікаў, таленавітых і ня вельмі? Прычым, найцікавейшыя зь іх перажываюць цяпер істотную творчую эвалюцыю. Аўтар-падлетак становіцца дарослым чалавекам.

Наколькі пісьменьнікам-традыцыяналістам варта пазбавіцца навязьлівай ідэі, быццам бы яны ствараюць выключна для школьнай праграмы, настолькі маладым літаратарам-постмадэрністам трэба звыкнуцца з думкаю, што, колькі б іх сёньня ні ігнаравалі афіцыйная літаратура й калялітаратурныя ўстановы, але ж раней ці пазьней іх прызнаюць, кананізуюць ды абавязкова ўключаць у тую самую школьную праграму. Нават калі самі яны будуць супраць, саромячыся напісанага раней. Хай гэтая думка вісіць над імі дамоклавым мячом. І, можа, гэта навучыць іх — нават гуляючы — з трохі большаю адказнасьцю ставіцца да слова.