Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 259

Невядомы

Працытую верш Чэслава Мілаша “Структуралізм”, датаваны 1965 годам (пераклад мой).

“Я трапіў на выклад структураліста, ён казаў надзвычай інтэлектуальна, яго французскія лапкі надзвычай інтэлектуальна трымалі цыгарэту.

Мне хацелася ўстаць і сказаць: ты, на гэтай зямлі выцьця й ванітаў, на гэтай зямлі пакутаў усякай жывой істоты й маёй чалавечай роспачы, ты, вучоны кныр.

Хай сьведчыць вялікае племя памерлых — глядзі, праступаюць іх твары — як горка й салёна на вуснах, калі, ледзь кранутае языком, нараджаецца слова.

Адно-адзінае слова, што нешта значыць, што прагучэўшы ад неба да пекла, верне страчаны лад, слова, якога няма, а тое, што ёсьць — шум лясоў, рэха мора — гэта толькі лепет і плач.

Што я із сваёю дурнотаю супраць цябе, калекцыянэр замарожаных сьлёз, альбо супраць кампутараў лябараторыі Лоўрэнса?

Я такі самы сьмешны, як некалі, у дзяцінстве, калі спрабаваў бараніць сьвятыя гаі, выспу Патмас, гару Сынай, ня цямячы, што і чаму бараню.

Проста дзеці скакалі, рымуючы словы, і нейкі хлапец запяяў: “матка-шматка”, “матка-шматка”, а я нечакана накінуўся на яго й пачаў штурхаць і кусаць”.

У 1965 годзе Мілаш адчуў набліжэньне постмадэрнізму інстынктыўна, адчуў і не прыняў. Мабыць, аналягічныя закіды сьветапогляднага характару могуць рабіць і робяць сёньня маладым аўтарам нашыя літаратурныя аксакалы. Закіды часьцяком несправядлівыя, але гаворка не пра гэта. Бо галоўная небясьпека, што тоіцца ў постмадэрнізме нашага разьліву, на маю думку, датычыць не каштоўнасьцяў і перакананьняў — зь імі ў сучасных літаратараў акурат усё ОК. Галоўная праблема мае суцэльна эстэтычны характар і зьвязана з тым, што нельга да бясконцасьці гуляць у “матка-шматка”, “матка-шматка”.

Так, красамоўным прыкладам паэтычных самарэфлексіяў сучаснага аўтара, дзе адлюстраваны і псыхалёгія творчасьці, і сам працэс публікацыі твору, ягонае вынясеньне на чытацкі суд, ёсьць верш Віктара Жыбуля “Я люблю здаваць аналіз калу…” з кнігі “Прыкры крык”. Не рызыкую падаваць увесь гэты прыкры прыклад, абмяжуюся фрагмэнтам:

І ўрачы ў ім будуць калупацца, пляснуўшы пад новы мікраскоп… Ды заўсёды цяжка развітацца з тым, што сам ты пальцамі адшкроб!

Тут табе й эксгібіцыянізм, добра знаёмы шмат каму з аўтараў, і самаіронія, якую можна толькі вітаць. А якая пераемнасьць зь беларускімі традыцыямі! Досыць згадаць незабыўнага Ведзьмака-Лысагорскага з дыскусіяй беларускіх пісьменьнікаў пра гной і паралельлю “мастацкая творчасьць — дэфікацыя”:

“Ну, не кажэце: гной няроўны. Найлепшы той, што зробіш сам. Бо ён жа твой, уласны, кроўны, Як твор, які ты напісаў”

Усе мы ведаем, зь якога сьмецьця растуць вершы, так што нічога дзіўнага, калі творчая кухня паэта выяўляецца прыбіральняю. Вось толькі на чым грунтуецца сьвятая перакананасьць аўтара, што ягоная ўласная творчая прыбіральня цікавая ўсяму засталаму сьвету? Думаючы пра месца й ролю, бясспрэчна, таленавітага паэта Жыбуля ў беларускай літаратуры, я згадваю творчы калектыў, у якім, дарэчы, бярэ ўдзел і Віця,— музычны гурт з цнатлівым назовам “Засралі казарму”…