Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 262

Невядомы

Першыя крокі ў гэтым кірунку ўжо зроблены. Згадайма кнігу “Шалёны вертаградар” і асабліва пазьнейшыя паэмы Міхася Баярына. Паэт выгодна атабарыўся й утульна пачуваецца ў прасторы ўсясьветнай культуры — зусім не пакідаючы пры гэтым беларускай. Абмяжуемся адным прыкладам зь “Лістоў да беларускага сябра”:

Бачыць цябе, мой Аргус, неяк няма жаданьня. Там у вас восень, канешне, вечная сьмерць лісьця. Восень у вас заўсёды. Гэта мяне й лякае. Ты ашалеў, мой Аргус, і хаты не ўвартаваў. Зараз жывуць у палацы якіясь людзі чужыя. Дый калі б я й вярнуўся, ты б мяне не пазнаў. Згрыз бы сваймі зубамі. І людзі б цябе хвалілі. Далі б кавалак мяса, і ты бы спакойна спаў. Жэк лістоў не чытае зь вельмі простай прычыны. Я іх не адпраўляю, тут гэта зрабіць няма як.

У непадрыхтаванага чытача пачынаецца лёгкая запамарока ад розных літаратурных сабачых вобразаў. Згадваецца сабака Адысэя, што першым пазнаў гаспадара, калі той вярнуўся на родную Ітаку. Недзе лунае водгульле разьвітальнай песьні Чайльд-Гарольда: “…І пёс, павыўшы ля вуглоў,/Чужым служыць пачне./Калі ж вярнуўся б я дамоў —/Парве ў шматкі мяне” (пераклад У.Дубоўкі). Але тут, скажа нехта, ні з пушчы ні з поля, мяняецца мянушка адрасата: замест Аргуса зьяўляецца Жэк. Чаму ні з пушчы? Менавіта з Пушчы, зь Язэпа Пушчы, бо тут алюзія на ягоны верш “Ліст да сабакі”. Менавіта ў ім зьяўляецца параўнаньне сабакі Жэка з адысэеўскім Аргусам і гучыць рэфрэн-заклінаньне, просьба вартаваць родную хату. Просьба, якой баярынскі Жэк-Аргус ня выканаў.

Галоўнае, што сёньня перашкаджае ў засваеньні ўсясьветнай топікі,— адсутнасьць пераважнай бальшыні літаратурных першаўзораў у беларускім перакладзе й відавочная слабасьць многіх наяўных перакладаў. Наша сучасная літаратура бадай што ня дасьць сабе рады без зьяўленьня, так бы мовіць, “сынтэтычных” постацяў паэтаў-перакладчыкаў, здольных да кангеніяльнага перастварэньня шэдэўраў па-беларуску. Сярод паэтаў старэйшага пакаленьня такая постаць ёсьць — гэта Алег Мінкін. Сярод маладзейшых, на маю думку, шмат абяцаюць як паэты-перакладчыкі Серж Мінскевіч і Максім Шчур. Да­лу­чайцеся! Вытанчаныя літаратурныя гульні ў Шэк­сьпіра стануцца магчымымі адно на падставе прысутнасьці ўсяго Шэксьпіра па-беларуску. Бяз гэтага, што б ні казаў, скажам, постмадэрністы мэтр Том Стопард пра сьмерць Разэнкранца з хаўрусьнікам, беларускаму чытачу гэта застанецца глыбока па Гільдэнстэрну.