Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 258

Невядомы

Ня можа быць гаворкі й пра перанасычэньне твору інтэлектуальным зьместам — нічога такога, што не было б зразумелым вучню сярэдняга школьнага веку. Залішняе падняцьцё разумовай планкі — пісьменьніцкая параза, бо гэта з пэўнасьцю зьнішчае ўсялякія шанцы твору трапіць у праграму. Чым прасьцей, тым лепш. Вы, мабыць, заўважылі, у нас нават сам панятак “простасьці” ўжо ўспрымаецца як каштоўнасьць: просты — значыць шчыры, маўляў, простыя словы, простыя рэчы, а ўсё, што болей, тое, зусім па-біблейску,— ад злога.

І ня варта зьдзіўляцца, адкуль у нашай літаратуры перанасычанасьць дыдактызмам і плоскім маралізатарствам. Найпрыдатнейшы для школы, проста ўзорна-паказальны ў навучальным працэсе жанр — гэта байка, якая не вымагае роздумаў і самастойнага рабленьня высноваў, бо неабходную мараль пісьменьнік выводзіць за цябе, ты толькі атрымліваеш канцавы прадукт. Ці не таму галоўным патрыярхам, Нестарам беларускай літаратуры быў Кандрат Кандратавіч Атраховіч-Крапіва? Ці не таму менавіта Крапіва займае ў нашым пісьменстве месца вышэйшае, чым іншаземныя байкапісцы ў сваіх нацыянальных літаратурах? А таму не пытайцеся, хто сьмяецца апошнім. Апошнім сьмяецца кульгавы раб Эзоп.

Адзіным сродкам выратаваньня ў гэтай сытуацыі я бачу прыняцьцё дзяржаўнага закону, які забараняў бы вывучаць у школе творы жывых пісьменьнікаў — прынамсі, да таго часу, покуль настаўнікі не навучацца аддзяляць у літаратурным творы ўласна мастацкія вартасьці ад таго, што літаратураю ня ёсьць і ў задачы пісьменьніка ўваходзіць ня мусіць.

Але ж, як той казаў, ня ўсё кату масьленіца, настае й Вялікі пост. Настаў вялікі Пост і ў нас. Надыход эпохі пост у беларускай літаратуры быў азначаны шэрагам красамоўных сымптомаў, не зважаць на якія ўжо немагчыма. Так, цяпер мы маем ня толькі звыклых інтэлігентаў, але й першых інтэлектуалаў, а адзін мысьляр нават ведае слова “інтэлегібельны”, хоць простаму чытачу й безь яго вядома, што інтэлект падчас бывае згубным. Уразнастайнілася карціна мастацкага жыцьця. Мы маем сваіх рэалістаў і мадэрністаў, патрыётаў і касмапалітаў, тэрарыстаў і пацыфістаў, дадаістаў і пафігістаў, філаматаў і нэкрафілаў, манахаў і законьнікаў, дзэнбудыстаў і анемпадыстаў. Зьявіліся ў нас свае літаратурныя хуліганы й гаўрошы, бумбарашы й бумбамліты, зеленавокія гоі й ружавашчокія геі.

Наўрад ці варта аспрэчваць наяўнасьць у нас постмадэрновай сытуацыі. Аднак постмадэрнісцкай літаратуры, прынамсі, у тым сэнсе, як “постмадэрнізм” разумеецца ў сьвеце, у нас амаль ня склалася. Паступова спаў ажыятаж вакол першых бурлівых выступаў і пэрформансаў маладых літаратараў, і раптам высьветлілася, што ніякай рэвалюцыі ў літаратуры не адбылося. Маладая беларуская паэзія ня сталася зьяваю міжнароднага парадку, застаўшыся такой самай неканвэртабэльнаю, як і паэзія старэйшых, дый, бадай што, не павялічыла й колькасьці аматараў паэзіі ў нас.