Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 257

Невядомы

За савецкім часам камунікатыўныя праблемы адчуваліся меней. Беларускі пісьменьнік меў такую прастору, як шматнацыянальная савецкая літаратура. Хоцькі-няхоцькі народы Савецкага Саюзу мелі шмат агульнага ў сваім досьведзе. Як апалягеты савецкай улады, так і дысыдэнты розных саюзных рэспублік маглі паразумецца з дапамогаю перакладу альбо вядомай “мовы міжнацыянальных зносінаў”. А цяпер засталіся хіба адно ўспаміны пра былы “саўковы” кайф альбо, наадварот, героіку барацьбы з камунякамі. Часам думаеш, ці ня ёсьць нашая постсавецкасьць адзіным, што аб’ядноўвае нас, скажам, з нашымі ўкраінскімі калегамі?

Чым тлумачыўся анахранізм такой літаратуры? Адкуль вынікала ейная правінцыйнасьць, ейная хваравітая зацыкленасьць выключна на сваёй унутранай праблематыцы? Часам складваецца ўражаньне, што ўчорашняя беларуская літаратура — гэта тое, што было паклікана існаваць выключна ў межах школьнай праграмы. Бо хто шчэ, як не шкаляры, у здаровым розуме й добраахвотна, будзе яе спажываць. Вось жа, перад пісьменьнікам паўставала звышзадача — трапіць у школьную праграму й такім чынам захавацца для шырокага кола чытачоў. Задача наступнага парадку, мэта не такая жаданая, але таксама прыемная — ня трапіўшы ў праграму агульнаадукацыйнай школы, трапіць ува ўнівэрсытэцкі курс і стацца прадметам вывучэньня для філёлягаў-беларусістаў. Гэта ўжо для аўтараў другога гатунку, бо кола чытачоў непараўнальна вузейшае. Парыі літаратуры — тыя, чыя творчасьць не ўкладаецца ні ў якія праграмы. Такія аўтары існуюць для асобных фанатыкаў, і можна толькі пашкадаваць, калі такімі фанатыкамі выявяцца тыя ж настаўнікі беларускай літаратуры ў школе: вось дылема, і твор падабаецца, і вучням пра яго не распавядзеш.

Заканамерная выснова — найчасьцей пісьменьнік ужо на этапах абдумваньня будучага твору й працы над ім робіць сваё дзецішча такім, каб яно мела шанцы трапіць у гэтую запаветную праграму. Як вынік, нават ня можа ісьці гаворкі пра ўлучэньне ў твор чагосьці, што не рэкамэндуецца дзецям з пэдагагічных меркаваньняў. Але ж нашыя літаратары выхаваныя на арыстотэлеўска-рэалістычным пастулаце пра літаратуру як люстра рэчаіснасьці, пра мастацтва, якое павінна насьледаваць прыродзе. Тады як у нашых умовах пераважная бальшыня фрагмэнтаў рэальнасьці, якая нас атачае, само нашае жыцьцё не рэкамэндуецца для вывучэньня ў школе. У выніку пісьмень­нік апынаецца ў глыбокім сьветапоглядным крызысе. Вось дзе нутраная цэнзура, якая ня сьнілася ніводнай таталітарнай дзяржаве!