Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 249

Невядомы

5

Гэтаксама як і мадэрнізм, беларускі авангард ёсьць праявай аналітычных тэндэнцыяў у літаратуры. Ягоны аналіз ёсьць ня столькі аналізам творчага мысьленьня, колькі самога матэрыялу літаратуры — мовы — на ўсіх ейных узроўнях: фанэтычным, лексычным і сынтаксычным. Варта адзначыць, што постмадэрнізм у літаратуры таксама ёсьць, па сутнасьці, аналітычнай тэндэнцыяй, толькі на гіпэр-сынтаксычным узроўні, на ўзроўні ўжо створаных у мове тэкстаў. З гэтай прычыны ільга сказаць, што прэтэнзіі постмадэрнізму на мэтадалягічную самастойнасьць і прынцыповую адрознасьць ад мадэрнізму недастаткова абгрунтаваны: гэта таксама відаць з таго, што авангардныя рысы аднолькава ўласьцівы літаратуры як першай, так і другой плыняў.

Такім чынам, новая генэрацыя творцаў прыносіць у літаратуру чыста мадэрнісцкія рысы. Ейнай мэтай ёсьць даказаць самой сабе й астатнім сталасьць беларускай літаратуры як зьявы й ейную незалежнасьць ад усялякага кшталту істэблішмэнту, а таксама выявіць неабмежаваны выразовы патэнцыял беларускага слова. Якім чынам? Прымусіць яго выказваць аказіянальныя, непрадбачаныя, няўлоўна-імгненныя зьместы. У пекле палітычнай барацьбы паміж двума аднолькава кансэрватыўнымі дыскурсамі, унітарным (рускамоўным) і сэпаратысцкім (беларускамоўным), дыскурс беларускага літаратурнага авангарду застаецца неперакладальным, незразумелым, чужым для іх абодвух, і з гэтай прычыны існуе незалежна (каб не сказаць “незаўважна”), на краі культурнага й грамадзка-палітычнага жыцьця краіны. Такая лябараторная (калі не клінічная) ізаляцыя ёсьць спрыяльнай для ягоных творчых экспэрымэнтаў.

Адной з найбольш значных і яскравых зьяваў беларускага авангарду зьяўляецца “Бум-бам-літ”, які ёсьць найлепшым люстэркам мадэрнісцкіх тэндэнцыяў ува ўсёй беларускай літаратуры наагул. Вось яны: 1) транслягізм (Туровіч) = маскоўскі канцэптуалізм, абавязаны свайму існаваньню працам Жыля Дэлёза (мэтадалягічна да транслягізму блізкі “мастоўскі канцэптуаліст”, пісьменьнік Лявон Вашко зь ягоным марфэматычным пісьмом, якое, у сваю чаргу, да значнай ступені натхняецца, калі не памыляюся, Джойсам). 2) Жыбуль: тыповы й надзвычай таленавіты дадаіст. 3) Вішнёў, Мінскевіч, Гарачка: рэпрэзэнтуюць абеларушчаную “заумь” з элемэнтамі аўтаматычнага пісьма ў прозе, у паэзіі — чыстыя іраністы, пачаргова натхняюцца Туровічам і Жыбулём. 4) Морт, Тарас: прадстаўнікі вэрбальнай паэзіі, што набліжае іх да сюррэалістаў і футурыстаў групы Кручёных. Гэтая групоўка бумбамлітаўцаў адлюстроўвае найбольш моцную творчую тэндэнцыю сярод маладых беларускіх літаратараў. Рысы сюррэалізму захоўвае й паэзія Міхася Баярына, які пачынаў таксама як вэрбаліст. 5) Сін: своеасаблівы поліавангардыст, які настойліва ўнікае клясыфікацыі. Увасабляе сабой адмысловы Сін-тэз папярэдніх тэндэнцыяў.