Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 248

Невядомы

Ільга сказаць, што наступ кожнай новай літаратурнай моды, кожнай новай літаратурнай генэрацыі характарызуецца распадам генерацыі папярэдняй, бо ўзыходзіць з нутраных супярэчнасьцяў папярэдняга пэрыяду. Такім чынам, папярэдняя генэрацыя падзяляецца на два “кланы”, адзін зь якіх ідэйна далучаецца да новай генэрацыі творцаў, а другі застаецца на сваіх ранейшых ідэалягічных пазыцыях. Гэтак, напрыклад, шасьцідзясятнік Быкаў далучыўся да нацыяналістычнага руху, у адрозьненьне ад мноства пісьменьнікаў-функцыянэраў, якія засталіся на ранейшых пазыцыях у прафэсійным, а таму й у ідэйным сэнсе. Акрамя таго, кожная новая літаратурная хваля ёсьць своеасаблівым рэнэсансам хвалі перадапошняй, пазамінулай, і адзначаецца меней-болей інтэнсіўнай рэвізіяй ейных ідэалягічных установак.

Другая хваля найноўшай беларускай літаратуры ідэйна сфармавалася ў 80-х і выявіла сябе ў пачатку 90-х гг. Ёй уласьцівы значна меншы рэвалюцыйны імпэт, як што маральна яна пераканана ў непазьбежнай перамозе нацыянальнай рэвалюцыі. Аднак яна, зноў-такі, гістарычна спазьняецца й прыпадае на часы палітычнай контр-рэвалюцыі. Калі лёс папярэдняй генэрацыі быў чымсьці трагічны, дык лёс гэтай — чымсьці камічны. Калі ў першай палове 90-х гг. новай хвалі літаратурных рэвалюцыянэраў няма патрэбы, дык у другой палове 90-х гг. ужо няма сэнсу змагацца, таму што беларускамоўны дыскурс катастрафічна хутка губляе свой грамадзкі ўплыў, а сама беларуская ідэя скідаецца са шчыта дзяржавы. Дасягненьні папярэдняй генэрацыі рэвалюцыянэраў зруйнаваны, і маладая генэрацыя апынаецца зь імі, так бы мовіць, “у адным рондалі” палітычных аўтсайдэраў і маргіналаў. Ці былі тыя дасягненьні сапраўднымі, а ня ўяўнымі — іншае пытаньне, аднак факт застаецца фактам. Таму прадстаўнікі гэтай хвалі зьвяртаюцца ў сваіх ідэйных пошуках да больш шырокага спэктру ідэяў і ідэалёгіяў: ад цзэн-будызму да пост-структуралізму. Гэтую хвалю найноўшай беларускай літаратуры ільга назваць пераходнай.

Частка гэтай генэрацыі (Аркуш, Вашко, Бабкоў, Сідарук) неўзабаве ідэйна разыходзіцца са сваімі аднагодкамі й далучаецца да маладзейшай генэрацыі творцаў, сьведчаньнем чаго ёсьць іхная прыхільнасьць да экспэрымэнтальных жанраў і форм. Частка, наадварот — застаецца на пазыцыях папярэдняй генерацыі (Адамовіч).

Таму ў палітычным рэчышчы прыход новай генэрацыі творцаў азначае перадусім пераадоленьне патрабаваньня палітычнай рэвалюцыі—шырокую дэпалітызацыю. Роўналежна ёй адбываецца “хаджэньне ў творчасьць” з боку некаторых беларускіх палітыкаў, але гэта зьява крыху іншага пляну, з вобласьці хутчэй літаратуры фактаў, чымся мастацкай літаратуры, якая з гэтай прычыны нас тут ня будзе цікавіць. Частка маладых літаратараў застаецца на палітычных пазыцыях старэйшай генэрацыі (падтрымвае ідэю палітычнай рэвалюцыі) і займае іхныя “месцы ў акопах” на палітычным фронце, частка паводзіць сябе апалітычна, частка пераасэнсоўвае ідэю рэвалюцыі як гэткай і заклікае цяпер да контркультурнай рэвалюцыі. Нараджаецца беларускі контркультурны авангард.