Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 251

Невядомы

Нізкі попыт сам па сабе яшчэ ня сьведчыць аб высокай літаратурнай якасьці вырабаў, як думаюць тыя, што залічваюць сябе да “эліты”: ён сьведчыць перадусім аб традыцыйнай незацікаўленасьці чытачоў беларускамоўнай літаратурнай прадукцыяй. Карані такой незацікаўленасьці, як мы паказалі,— эканамічныя, а не ідэалягічныя. Замест таго, каб імкнуцца пераадолець недавер чытача й ягонае традыцыйнае ўяўленьне аб беларускай літаратуры як аб зьяве штучнай і мала цікавай, на хвалі адчаю з паразы палітычнай рэвалюцыі некаторыя прадстаўнікі першай хвалі незалежнай літаратуры ў сярэдзіне 90-х гг. зрабілі з ізаляцыянізму (элітызму) палітыку, што было адной са шматлікіх недаравальных памылак. Гэтым спыніўся толькі распачаты працэс камэрцыялізацыі (зразуметай як памкненьне да эканамічнай самастойнасьці) беларускай літаратуры, якая вярнулася да “парніковага” становішча камуністычных часоў — толькі што цяпер у яе падкладаюць угнаеньні не айчыннага, а замежнага вырабу.

Менавіта авангардысцкая рэвалюцыя спрабуе, за кошт ахвяраваньня сваёй палітычнай бескампраміснасьцю, пашырыць кола патэнцыйных спажыўцоў беларускамоўнай літаратуры, што ёсьць памкненьнем здаровым і сёньня папросту неабходным. Творцы ж кансэрватыўнага накірунку пакуль што здолелі зацікавіць сваёй прадукцыяй, акрамя саміх сябе, яшчэ тых, хто падзяляе зь імі ідэі палітычнай (нацыянальнай) рэвалюцыі. Паспрабуйце знайсьці, прынамсі, аднаго беларускага пісьменьніка старэйшай генэрацыі, які ня быў бы сёньня такім самым заўзятым нацыяналістам, як калісьці сацрэалістам і камуністам!

Напачатку 90-х гадоў беларуская літаратурная прадукцыя нарэшце, з уласьцівым ёй спазьненьнем, атрымала шанец стацца здабыткам шырокага чытача — сёньня яна ёсьць здабыткам прадстаўнікоў вузкага кола нацыянал-“радыкалаў”, бо менавіта на гэтага спажыўца яна й разьлічана. Таму ня трэба зьдзіўляцца ейнаму параўнальна нізкаму інтэлектуальнаму ўзроўню: непатрабавальны чытач ёсьць адной з прычын такой сытуацыі. Здараецца, што пэўныя літаратурныя сымпатыі прыводзяць да пэўных палітычных поглядаў, аднак ня ўпэўнены, каб магло адбывацца наадварот. Бродскі пісаў, што эстэтыцы нельга перадпастаўляць этыку — а, між тым, менавіта гэта адбываецца сёньня ў беларускамоўным дыскурсе на кожным кроку. Чытай сваё, слухай сваё, любі сваё — а ці ёсьць у беларускамоўнага чытача, наагул, выбар? Чаму хтосьці павінен увесь час вырашаць за беларуса, што для яго сваё, а што — не?