Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 247

Невядомы

4

Новая хваля беларускай літаратуры (назавём яе першай хваляй найноўшай беларускай літаратуры), якая высьпела напрыканцы 70-х і выявілася ўжо ў 80-х гг., стаецца менавіта праявай несумнеўнага жыцьця беларускай культуры. Маладыя людзі, што прыйшлі ў беларускую культуру на працягу 80-х гадоў, прагнуць культурнай і палітычнай рэвалюцыі. Гэтая рэвалюцыя, паводле іхнага перакананьня, павінна быць нацыянальнай і антыкамуністычнай. Як бачым, маладая генэрацыя беларускіх творцаў адпачатна зьвязвае сваё ўзьнікненьне й існаваньне з пэўнымі мэтамі палітычнага характару, з пэўнай грамадзянскай пазыцыяй. Адна й тая самая палітычная тэндэнцыя адбіваецца ў рок-музыцы (узьнікненьне шэрагу беларускамоўных гуртоў), мастацтве (суполка “Пагоня”), літаратуры (“Тутэйшыя”). Рэвалюцыйнае стаўленьне маладых творцаў да сваіх старэйшых папярэднікаў выяўляецца ў палітычнай канфрантацыі зь іхнымі поглядамі, аднак з мастацкага гледзішча яно доўгі час выяўляецца толькі як радыкалізацыя ўжо латэнтна наяўных у культуры рэфармацыйных тэндэнцыяў (Караткевіч, Барадулін, Пазьняк, Ермаловіч). Варта тут прыгадаць словы Вальтэра Бэн’яміна аб тым, што “...тэндэнцыя нейкай паэтычнай праявы можа адпавядаць нейкім палітычным крытэрам толькі тады, калі яна адпавядае нейкім крытэрам літаратурным. Гэта азначае, што слушная палітычная тэндэнцыя ўлучае ў сябе тэндэнцыю літаратурную... Гэтая літаратурная тэндэнцыя можа палягаць у разьвіцьці альбо ў рэгрэсе творчай тэхнікі”.

Якімі былі інавацыі, прынесеныя ў літаратуру генэрацыяй Арлова, Глёбуса, Сыса, Дубаўца, Воюша? Перадусім, безумоўна, тэматычнымі, потым фармальнымі (жанры эсэ, абразка, разанаўскія пункціры, вэрсэты й вершаказы, запазычаныя паэтычныя формы, такія, як хайку й танка), а яшчэ лексычнымі (аднаўленьне “рэпрэсаваных” у часы камунізму словаў, стварэньне шэрагу неалягізмаў) — на гэтым, бадай, усё. То бок, літаратурнае разьвіцьцё таго часу было хутчэй экстэнсіўным, чымся інтэнсіўным. Рэвалюцыі ў літаратурнай тэхніцы фактычна не адбылося. Чаму? Таму што асноўная большасьць той генэрацыі рэвалюцыянэраў ад літаратуры не была да гэтай рэвалюцыі прафэсійна падрыхтавана. Будучы выхаванай у часы панаваньня сацрэалізму, яна нават ня ставіла сабе такіх мэтаў, ня кажучы пра тое ўжо, што ўзровень літаратурнага майстэрства большасьці ейных прадстаўнікоў быў (на той час) для гэтага недастатковым. Так ці іначай, менавіта гэтай генэрацыі было наканавана перажыць узьлёт і падзеньне, часовае й частковае спраўджаньне, а неўзабаве зруйнаваньне сваіх палітычных мараў у момант ейнага фактычнага творчага й ідэялягічнага трыюмфу (1991—1994 гг.). Ідэі гэтай генэрацыі перажылі рэнэсанс у трэцяй хвалі беларускай найноўшай літаратуры.

Трэба сказаць, што гэтая генэрацыя спазьнілася са сваім зьяўленьнем гадоў на дзесяць—дваццаць: ейны рэвалюцыйны імпэт вельмі прыдаўся б у якасьці сродку супраць творчага вакууму ў беларускай літаратуры 70-х гадоў. Заўважым: гэтаксама, як мадэрнізм быў рэакцыяй на крызыс выразовых сродкаў тагачаснага мастацтва, гэтак і беларускае літаратурнае адраджэньне было рэакцыяй на гады знаходжаньня беларускай культуры пад ідэалягічным даглядам камуністычнай партыі, які чыніўся пасярэдніцтвам сыстэмы так званых “творчых саюзаў”. Таму беларускі літаратурны маладняк імкнецца да стварэньня ўласных творчых (пазьней палітычных) “нефармальных” аб’яднаньняў, якія разглядаюцца як ідэалягічная альтэрнатыва афіцыйным творчым саюзам. Фактычна, ідэалёгія гэтай генэрацыі была запозьненай праявай дысыдэнцтва, якая прыпала на рэвалюцыйныя часы.