Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 234

Невядомы

— у пэрспэктыве, як вынік — рэканструкцыя нармальнай культурнай поліфаніі.

Банальнае пытаньне інтэлігенцыі “Што рабіць?”атрымлівае сёньня просты адказ: “Разграбаць сьмецьце й будаваць сваё”. Зразумела, посьпех не гарантаваны. Але гэтаксама й у любой іншай культурніцкай працы й ніяк не зьвязана зь мясцовай спэцыфікай.

Змагары стаміліся ад барыкад. На зьмену “партызанскім” культурным стратэгіям ужо цяпер прыходзяць рэчы, здольныя пазначыць беларускую прысутнасьць у эўрапейскай культурнай прасторы. І гэта ня ўцёкі ад Вялікага Брата, а звычайны прафэсійны дыялёг на аскепках ідэалягічных фантомаў.

1999 г. 

Партызан і антыпартызан

САВЕЦКАЯ ЎЛАДА Й АВАНГАРД

Чаму таталітарныя рэжымы ня любяць сучаснага мастацтва? Ці тлумачыцца гэта выключна недаразьвітасьцю эстэтычных установак дыктатараў і былых партыйных уладцаў, ці супярэчнасьць мае больш глыбокія карані й паўстае з самое сутнасьці супрацьпастаўленых стыхіяў — таталітарнага дыскурсу й авангарду? Са здагадкі, што бліжэй да ісьціны апошняе выказваньне, зусім не вынікае сьцьверджаньне наконт a priori ўласьцівай авангарду дэмакратычнай арыентацыі. Насамрэч авангард зусім ня менш, а ў пэўных аспэктах (калі, прыкладам, весьці размову пра ягонае сэмантычнае напаўненьне) — дык і ў большай ступені таталітарны за, скажам, мэтад сацыялістычнага рэалізму. У кантэксьце антыноміі дэмакратычны~таталітарны было б больш слушна казаць пра неартыкуляванасьць ідэалягічных канцэпцыяў авангарду, бо тэхналёгіі — нарожны камень авангардысцкіх мэтодык — ня маюць ідэалягічнага імунітэту, а таму ў аднолькавай ступені могуць станавіцца складнікам як дэмакратычных, гэтак і таталітарных сацыяльных практык.

Дэмакратычны арэол, які замацаваўся за авангардовым мастацтвам у краінах былога савецкага блёку, у сапраўднасьці — вынік недапушчэньня авангарду да рэалізацыі ідэалягічнага заказу ўлады. Гэтак і сфармаваўся імідж апазыцыйнае (у дачыненьні Сыстэмы) культуры, якая прыцягвала да сябе аўтараў — апанэнтаў рэжыму. Аднак шмат для каго зь іх авангардысцкія практыкі былі ня столькі сфэраю эстэтычных катэгорыяў, колькі перадусім тэхналёгіяй сацыяльнага супраціву.

Парадокс у тым, што маргіналізацыя авангарду выглядае як лягічная памылка савецкае ўлады. Рэвалюцыйная рыторыка будаўнікоў новага, “справядлівага” грамадзтва й заснавальнікаў новага мастацтва шмат у чым супадала; прынамсі, дакладна можна казаць пра роднаснасьць нэгатыўных дактрынаў: “руйнаваньне” старога грамадзкага ладу ў камуністаў і “выкіданьне” з “карабля гісторыі” старога мастацтва ў авангардыстаў. Вынікам гэтага было супрацоўніцтва апошняга з савецкай уладаю на этапе яе ўсталяваньня, калі яна займалася больш руйнаваньнем, чымся стварэньнем. Аднак з пачаткам рэальнага мадэляваньня ўласнай сыстэмы саветы адмовіліся ад паслуг авангарду на карысьць вонкава зусім не рэвалюцыйнага мэтаду сацыялістычнага рэалізму.

Праўда, яшчэ адзін выпадак звароту ўлады да авангардовага мастацтва здарыўся пазьней — у часе “адлігі”. Наступствы гэтага звароту мы можам пабачыць у архітэктуры савецкіх гарадоў, забудаваных у стылістыцы a la Райт—Карбюзье. Аднак — што ў першым, што ў другім разе — збліжэньне авангарду й улады адбываецца толькі ў моманты адноснае слабасьці рэжыму — такімі момантамі можна лічыць фазу ўсталяваньня й пэрыяд так званай ідэалягічнай “разгубленасьці” саветаў. Але кожны раз, калі Сыстэма перажывала свой росквіт, яна адсоўвала авангард на памежжа сацыяльных працэсаў і аддавала перавагу мэтаду сацыялістычнага рэалізму.