Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 233

Невядомы

Мазаічнасьць сьпеўнага матэрыялу дазваляе выканаўцам выйсьці за рамкі звыклага вобразу, выявіцца ў іншым ракурсе, а значыць — прывабіць іншую публіку. Чалавек, які ніколі не лічыў сябе прыхільнікам “асобна” Лявона Вольскага ці “Крываў”, пачынае паўтараць тэмы іхных сумесных праектаў “Я, да жалю, ня пан, я, на шчасьце, ня хам” ці “Я нарадзіўся тут і я буду жыць тут”. І гэта больш, чым музыка. Гэта рэкляма новай самасьвядомасьці, тыражаваньне “антысавецкіх” мадэляў жыцьцядзейнасьці.

Рок-н-рол становіцца агентам абнаўленьня, новыя культурныя сэнсы выступаюць праз шумы аглухлых канонаў. На нашых вачох адбываецца абнаўленьне прасторы беларускай масавай культуры, здавалася б, назаўсёды захопленай рознымі Ядзямі й Сашамі. Пакуль у нетрах міністэрстваў ідзе безвыніковы пошук новай нацыянальнай ідэі, рок-музыкі ўжо ўцялесьнілі яе ў “пабытовым” поп-фармаце.

Гэты прыклад істотны як новая школа пісьма, досьвед незалежнай ад “адміністратыўнага рэсурсу” вытворчасьці культурных тэкстаў новага пакаленьня. Маргінальная філязофская эстэтыка Валянціна Акудовіча, часапіс “Скарына” як беларуская гульня ў “Readers Dіgest”, правакацыйная раманістыка Ігара Бабкова — зьявы таго ж шэрагу.

Сёньняшні “Час Нуль”, які многія схільны лічыць часам глябальных расчараваньняў і паўсюднай стомы, выглядае зусім інакш вонкі звыклага ідэалягічнага дыскурсу.

Наперадзе — праца па стварэньні нармальнай (пост-“сьмецьцевай”) прасторы беларускай культуры. Ужо сёньня можна пазначыць ейныя наступныя формы:

— фармаваньне нацыянальнай поп-культуры (рок, масавая, якая засвойвае “нізкія” жанры, літаратура, мастацтва рэклямы, альтэрнатыўныя кінапраекты);

— адукацыйныя праекты новага пакаленьня: перадусім — распрацоўка й выданьне адукацыйных комплексаў гуманітарнага блёку (ад асьветніцкіх прац У.Арлова й Г.Сагановіча да “Новейшего философского словаря);

— засваеньне найноўшых інфармацыйных тэхналёгіяў, пакліканае ня толькі паступова прывесьці інфармацыйную працу недзяржаўных мэдыяў у адпаведнасьць да эўрапейскіх стандартаў, але й стварыць эфэктыўныя прыёмы барацьбы за аўдыторыю ва ўмовах “інфармацыйнага канфлікту” з сыстэмай;

— выроўніваньне “перакосу” інфармацыйных патокаў прарасейскай арыентацыі шляхам пашырэньня ўсходнеэўрапейскага матэрыялу пад умоўным лёзунгам “Зноў разам — але ўжо ў Эўропе”;

— рэальнае, у дынаміцы пашырэньня, шматмоўе: “Ведаеш расейскую — вучы польскую, размаўляеш па-ангельску — чытай па-нямецку”. Шматмоўе — ня вораг, а саюзьнік станаўленьня нацыянальнай самасьвядомасьці;