Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 232

Невядомы

“Вялікая культура” ўвесь час імкнецца стварыць лёгка кіраванае грамадзтва канфармістаў, контркультура марыць пра татальную партызанку духу. Message Калекцыянэра Cьмецьця зусім іншы: “Адыдзіцеся ад майго кампутару. Рэшту я зраблю сам”.

Прадчуваньне маўленьня

Распрацоўка тактыкі жыцьця “ў сьмецьці” — толькі першы крок для калекцыянэраў сьмецьця. Наступным можа стацца праца па выбудове культурных тэкстаў, што маглі б данесьці разуменьне новай культурнай сытуацыі да масавай аўдыторыі.

Час Нуль стварае сытуацыю культурнага выкліку для тых, хто стаміўся спажываць і ствараць “сьмецьце”, Для ранейшага культурнага падпольля гэта, магчыма, апошні шанец давесьці сваю рэальную значнасьць. Гульня па новых правілах патрабуе найперш адмовы ад рамантычнай ролі “генія ў выгнаньні”. Пажыцьцёвыя бунтары, падобныя да Эдзічкі Лімонава, забаўныя, часам вынаходлівыя, але яны цяпер зусім не да месца. Рэальны посьпех сёньня вызначае не рэвалюцыйны патас, а тыражы й індэкс цытаваньня.

Калекцыянэр Сьмецьця — гэта той, хто змог забіць у сабе “падпольле”, у тым ліку й “падпольле” нацыяналістычнае. Новы культурны герой не сумесны з ранейшымі сцэнарамі паводзінаў. Гэта не тэрарыст, не прарок і не місіянэр. І ягоны кон — зусім не арганізацыя масавага энтузіязму й татальнага прасьвятленьня. Місія “новага інтэлектуала”— уладкоўваць культурную тэрыторыю як прастору магчымасьцяў, разнастайнасьці тэкстаў, актуальных як для адукаванай меншыні, так і “прафаннай” бальшыні.

Гэта можна назваць выбудовай “масавай культуры сьмецьця” альбо “trash pop culture”.

Сутнасьць гэтага праекту ў тым, каб данесьці да масавай аўдыторыі дзьве ключавыя ідэі:

а) У сучаснай культуры стварэньне й спажываньне культурных прадуктаў базуецца на адначасовым выкарыстаньні розных моваў культуры, раўнапраўнага дыялёгу “элітарнага” й “простага”, архаікі й высокіх тэхналёгіяў, Усходу ды Захаду;

б) Менавіта засваеньне такога калажнага падыходу да культурнага матэрыялу (аналяг прынцыпу дадатковасьці ў неклясычнай фізыцы) ёсьць рэальнай умовай вызваленьня ад “настальгіі па сапраўдным”. Яно дапамагае выбудове індывідуальнага культурнага гарызонту й фармаваньню жывых сцэнараў, якія вольныя ад уварваньня дэманаў калектыўнага неўсьвядомленага маўклівай большасьці.

Нашыя тэарытычныя развагі падтрымліваюцца досыць цікавымі тэндэнцыямі ў беларускай альтэрнатыўнай культуры. Беларускі рок-н-рол, у адрозьненьне ад англа-амэрыканскіх аналягаў, сьвядома будуецца ня “зьнізу”, а “зьверху” й тым самым ператвараецца ў прадуманы мастацкі праект. Найбольш характэрныя й пасьпяховыя калектыўныя працы — ад “Народнага альбому” (1997) да “Я нарадзіўся тут” (2000). Іх адрозьнівае прынцыповая калажнасьць, дасьціпная гульня з рознымі стылямі музыкі ХХ стагодзьдзя. Ужо ў “Народным альбоме” беларускія рокеры з “Новага неба” й N.R.M. апантана адыгралі польку й танга, “жорсткі” гарадзкі раманс і акустычны фолк, узмацніўшы эфэкт чытаньнем рэпу й выкананьнем клясычнага “Twіst And Shout” ад імя польскага шляхціча. У “Я нарадзіўся тут” даданыя рэггі, сінці-поп, трохі салоннага джазу, адыгранага з выключным густам, хард-рок і зноў рэп (“Крывавае сьвята” А.Памідорава). У завадную “лаціну” “Оле-оле!” улучана футбольная “речевка”, а ў музыцы “Пагоні” пазнавальныя бітлоўскія інтанацыі спалучаюцца з “Марсэльезай”. Рок-н-рол наноў адкрывае клясычныя тэмы Агінскага й тэксты Багдановіча, паміж іншым, па-блюзнэерску агучваючы панквэрсію патаснай песьні “Радзіма, мая дарагая”. Лёгка назваць гэта эклектыкай... і жорстка памыліцца. Гэта не адсутнасьць уласнага стылю, а, наадварот, актыўнае засваеньне актуальнага музычнага лексыкону.