Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 21

Невядомы

Гістарычна-творчы аспэкт — адзін з найбольш істотных для існаваньня нацыі. І дзеля выкананьня сваёй гістарычнай місіі нацыя творыць Дзяржаву. Дарэчы адзначыць, што акт стварэньня дзяржавы таксама можа ўсьведамляцца як сакральны. Асабліва гэта тычыцца тых нацыяў, для гісторыі якіх не характэрны этап працяглага этна-культурніцкага разьвіцьця.

Але найбольш тыповым, зразумела, зьяўляецца шлях этна-культурнага разьвіцьця праз этнічную кансалідацыю, ускладненьне ўнутрыэтнічных сувязяў, іхную гіерархізацыю, праз стварэньне Нацыянальнага тэксту і, нарэшце,— Дзяржавы.

Са стратыфікацыяй нацыянальна-культурнага жыцьця й гіерархізацыяй сувязяў звязана ўзьнікненьне нацыянальнай сьвядомасьці й самасьвядомасьці. Гэта зьвязанасьць тлумачыцца тым, што ў слаба гіерархізаваным грамадзтве яшчэ не ўзьнікае асобы як такой, а самасьвядомасьць ёсьць перадусім функцыяй асобы. Тое, што ў заходняй навуковай літаратуры называецца “этнічнай ідэнтычнасьцю”, ёсьць толькі перадформай нацыянальнай сьвядомасьці ці ейнай недыскрэтнай, сынкрэтычнай формай. Асноўным утваральным прынцыпам гэтай формы зьяўляецца прынцып кантраснасьці “мы—яны”, “свае—чужыя”. Для нацыянальнай самасьвядомасьці галоўным фармавальным прынцыпам зьяўляецца прынцып тоеснасьці, аўтэнтычнасьці асобы ці папросту чалавека як прадстаўніка менавіта дадзенага этнасу-народу-нацыі. Праз гэтую аўтэнтычнасьць ён пачуваецца суб’ектам і спадкаемцам нацыянальнай гісторыі й культуры. Праз гэтую аўтэнтычнасьць ён набывае магчымасьць пісаць ці нават перапісваць Нацыянальны тэкст, робіцца сутворцам нацыянальнай культуры й жыцьця.

Галоўная праблема нацыянальнай сьвядомасьці й самасьвядомасьці — гэта праблема творчасьці, г.зн. працягу нацыянальнага жыцьця, якая й вырашаецца на ўзроўні нацыянальна сьвядомых асобаў ці, больш дакладна, на ўзроўні нацыянальных элітаў, альбо не вырашаецца, калі гэтыя асобы й эліты слабыя ці адсутнічаюць увогуле.

1994 г. 

Эйдас — Традыцыяналісцкі пагляд на традыцыю: “прэзумпцыя аўтахтоннасьці” й “дэканструкцыя традыцыі”

Культуру, як і традыцыю (калі надаваць увагу зьмястоўным адрозьненьням гэтых споцемаў), нельга зрабіць аб’ектам у сэнсе аб’екту клясычнае гнасэалёгіі. А тое, што існуе адмысловая навука аб культуры — культуралёгія (пераважна ў Цэнтральна- й Усходнеэўрапейскім рэгіёне), Kulturwissenschaft ці Cultural Studies, магло б выглядаць як тэарытычны кур’ёз.

На культуру нельга кінуць абсалютна збочаны, “аб’ектыўны” позірк, бо інтэндаванасьць гэткага позірку неўнікнёна стае ўгрунтаванаю ў інтэндаваным, г.зн. усё роўна ў культуры. Сытуацыя цалкам адпаведная той, што ўпершыню была ўсьведамлена ў асадах фэнамэналёгіі: сьвядомасьць мае справу ня з фактамі нейкае “аб’ектыўнае рэчаіснасьці”, а заўсёды толькі з фактамі самое сьвядомасьці. Не-культурны погляд на культуру — гэта погляд бостваў, якія адныя й маглі б уважацца за культуролягаў par excellance, калі ім, вядома, рупяць нашыя чалавечыя клопаты.