Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 22

Невядомы

Культурны Космас даступны толькі пагляду знутры — заангажаванаму пагляду. Тое, што ў культуралягічных штудыях неўнікнёна набывае выгляд квазы-аб’екту, насамрэч павінна разумецца як свайго роду рэфлексіўная дэскрыпцыя гэтага Космасу. У найбольшай ступені гэта датычыць таго, што звычайна падводзіцца пад ня надта ўдалую рубрыку “традыцыйная культура” (нібыта можна памысьліць сабе культуру без традыцыі). Калі вядзецца пра традыцыйную культуру, то найперш тут маецца на ўвеце такая культура, мэханізмы трываньня якой у часе зарганізаваны адмысловым чынам, выразна адрозным ад функцыянаваньня адпаведных мэханізмаў, перадусім, мадэрнае ўрбаністычнае культуры. Такая культура ўяўляе асобны культурны тып з толькі яму ўласьцівым наборам характарыстычных азнакаў (таксонаў). Сьвядомая ўстаноўка на эксплікацыю менавіта гэтых азнакаў і пільнаваньне ў дасьледніцкай практыцы пэўных асацыяваных зь імі правілаў складаюць падваліну традыцыяналізму. А заангажаваны (у акрэсьленым вышэй сэнсе) пагляд на традыцыю будзе паглядам традыцыяналісцкім. Я лічу, што гэта адзіна магчымы дасьціпны й шчыры падыход. Разам з тым, падыход даволі рызыкоўны.

З працэдурнага гледзішча традыцыяналісцкі падыход да традыцыі палягае ў своеасаблівым перакульваньні мэтаду дасьледаваньня. Я маю на ўвеце, што тое, што здабываецца на шляху кампаратыўнага і кантрастыўнага мэтаду вывучэньня характарыстычных азнакаў традыцыі, што сьвядома кладзецца ў падваліну дасьледаваньня самой гэтай традыцыі ў якасьці галоўных мэтадалягічных прынцыпаў. Так, касмалягізм традыцыйнае культуры арыентуе на надаваньне найпільнейшае ўвагі касмалягічным і каляндарна-астранамічным аспэктам рэканструкцыі традыцыйнага сьветагляду.

Разам з тым, традыцыйная культура вылучаецца відавочнаю ўстаноўкаю на аўтахтанізацыю свайго наяўнага зьместу. Узгадайма хоць бы старагрэцкі міт пра Эрыхтонія, мітычнага першанасельніка старажытнай Элады, або пра легендарнага першанасельніка нашай зямлі — князя Бая. Гэтая адметнасьць традыцыі мае свае як моцныя, гэтак і вельмі слабыя бакі. Далей я буду весьці іх абмеркаваньне амаль выняткава датычна беларускае культурнае традыцыі наагул, і беларускае традыцыйнае культуры, у прыватнасьці.

Трансьляваньне гэтай тыпалягічнай азнакі традыцыйнай культуры ў плашчыню мэтадалягічных прынцыпаў прыводзіць да тэарытычнае ўстаноўкі, якую я назваў “прэзумпцыяй аўтахтоннасьці”. Гэты прынцып вымагае, каб усялякая зьява культуры перадусім разглядалася як мясцовая з паходжаньня, як паўсталая ў выніку паступовага эвалюцыйнага развою самое мясцовае культуры, калі адваротнае не даведзена або ня можа быць даведзена. Гэты прынцып стварае процівагу як папулярным у дасьледніцкім асяродзьдзі міграцыянісцкім канцэпцыям беларускай этнагенэзы, гэтак і тэорыі “культурных хваляў”, таксама некалі папулярнай.

Паслядоўнае пільнаваньне ў дасьледніцкай практыцы гэтага прынцыпу нібы вяртае права голасу тае званае “нямотнае большасьці”, паводле выразу А.Гурэвіча, якая, як правіла, заставалася па-за фокусам увагі складальнікаў летапісаў і кронікаў і якая, тым ня менш, часта з ладнага вызначала духоўнае й этнічнае аблічча сярэднявечнага грамадзтва. Тое, што старыя падыходы практычна не дапускалі пастаноўкі пытаньня ў гэткай плашчыні (і гэта датычыць нават рэпрэсаванае ў сваім часе тэорыі паходжаньня беларусаў у выніку асыміляцыі прыходнікамі-славянамі мясцовага балцкага насельніцтва, паводле формулы аднога зь ейных стваральнікаў В.Сядова, “маці — балтка, бацька — славянін”) канстатуе, у прыватнасьці, менскі дасьледнік А.Мядзьведзеў: