Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 19

Невядомы

Пры наяўнасьці зьнешняй пагрозы жыцьцядзейнасьці этнасу й ягонай тэрыторыі яна спрацоўвае ў сваім актыўным рэжыме, паказваючы на існаваньне ўжо дасягнутай ім пэўнай ступені гамагеннасьці. Зьнешняя пагроза, наагул, зьяўляецца фактарам унутрыэтнічнай кансалідацыі, пры ўмове, зразумела, што гэтая пагроза не прыводзіць да разбурэньня этнасу, фізычнага вынішчэньня ці асыміляцыі ў выніку гвалтоўнага падпарадкаваньня яго больш моцнаму этнасу.

Істотным этнасахарактарызавальным фактарам зьяўляецца таксама “прывязка” этнасу да пэўнай сыстэмы часавай арганізацыі ягонай жыцьцядзейнасьці. У дадзеным выпадку мы маем на ўвазе ягоную ўпісанасьць у пэўную сыстэму біялягічных рытмаў, зададзеных асяродкам, і падпарадкаванасьць ім. Гэтая ўпісанасць і залежнасьць адлюстроўваюцца, як правіла, у календары гадавых і сэзонных сьвятаў, у пасьлядоўнасці розных відаў працы, наагул,— у пэўнай рытмізаванасьці жыцьця.

Аднак найбольш істотным момантам зьяўляецца тут ня тое, што пэўны хранатып заўсёды адбіваецца ў культава-рытуальнай падсыстэме этнасу, а тое, што ён фіксуецца на псыха-фізыялягічным узроўні, г.зн. што большасьць ці ў ідэале ўсе прадстаўнікі дадзенага этнасу характарызуюцца прыкладна аднолькавым тыпам нормы псыха-фізыялягічнай рэакцыі на тое асяродзьдзе, у якім яны жывуць. На больш высокіх узроўнях можна гаварыць пра аднатыпнасьць нормы эмацыйнай рэакцыі ў большасьці ці ва ўсіх прадстаўнікоў дадзенага этнасу, г.зн. пра пэўны нацыянальны тэмпэрамэнт. Унікальнасьць выпрацаванага хранатыпу робіць кожны этнас адметным і непадобным да іншых.

У той меры, у якой хранатып існуе як пэўны тып нормы эмацыйнай рэакцыі, ён зьяўляецца базавай ці падставовай сэмантычнай структурай этнасу. На гэтай структуры ўзьнікае пазьней Нацыянальны тэкст. Невыпадкова, што першыя Нацыянальныя тэксты — гэта тэксты паэтычныя. Невыпадкова, што “бацькамі” нацыі зьяўляюцца зазвычай паэты. Гэта тлумачыцца, па-першае, тым, што паэтычная форма й рытмізаваныя паэтычныя тэксты зьяўляюцца найбольш адэкватнымі сродкамі распазнаньня й фіксаваньня хранатыпу дадзенага этнасу, а, па-другое, тым, што паэты й ёсьць тымі найбольш чуйнымі людзьмі, здольнымі ў слове й праз слова спасьцігнуць, змадэляваць і зафіксаваць у тэксьце хранатып этнасу, і менавіта — ува ўсёй ягонай адметнасьці і ўнікальнасьці.

Невыпадкова й тое, што пры асыміляцыі аднаго этнасу іншым ці адной нацыі іншай апошнімі паміраюць песьня й танец. У самым агульным выглядзе песьня й танец — гэта іншаформы хранатыпу дадзенага этнасу, запісанага ў мэлёдыцы, інтанацыях, рытмізаваных рухах і г.д.

Пераход ад этнасу да нацыі не зьяўляецца аднамомантнай падзеяй; паміж этнасам і нацыяй існуюць прамежкавыя формы, ці пераходныя этапы. У якасьці такога этапу можна вылучыць пэрыяд уьзнікненьня, фармаваньня й існаваньня старажытных княстваў. Старажытныя княствы — гэта напалову дзяржаўныя, напалову этнічныя ўтварэньні, для якіх характэрна наяўнасьць больш высокай ступені інтэграцыйных сувязяў і адпаведна — больш высокай ступені самаарганізацыі.