Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 177

Невядомы

Нават калі гэтыя “новыя” мужчыны і не з’яўляюцца фізічна моцнымі, мужчынскасці ў іх не бракуе. Іх маскулінасць, якая базуецца на валоданні рэсурсамі і іх кантролі, непазбежна ўлучае ў сябе і “кантроль жанчын”: з аднаго боку, інтэнсіўнае (паказное) сексуальнае спажыванне жанчын, а з другога, іх абарону, “адамашніванне” жанчын і іх перамяшчэнне ў прыватную сферу. Гэтыя тэндэнцыі могуць падацца ўзаемавылучальнымі, але на самой справе яны паказваюць адзін і той жа працэс, дзве часткі якога выяўляюцца ў розных сітуацыях і адносна розных груп жанчын.

“Выстаўленне на паказ” сексуальнай моцы ёсць дэкларатыўным спосабам артыкуляваць сваю класавую прыналежнасць. Гэта для багатых друкуюць класнае (не таннае) порна, новыя мужчынскія часопісы, гэта для іх паўстала індустрыя высакаякасных секс-паслуг. Папулярная тэндэнцыя — замена “старых” жонак на маладых (якіх можна мяняць часта) — дае магчымасць публічна дэманстраваць свой новы статус. “Заможныя” спажываюць жанчын гэтак жа сама, як і адзенне:

“Но гораздо лучше, когда тебе все это надоело, бросить в чемодан клубный пиджак, несколько рубашек, пяток разноцветных маек, свитер и пару светлых брюк, взять лучшую девушку в городе и улететь на далекий остров Барбадос”.

Валоданне жанчынамі і спажыванне іх сталася (у якасці маркера класавай пазыцыі) важным спосабам умацавання той формы мужчынскасці, якая звязана з фармаваннем сярэдняга класу “заходняга тыпу” і адпаведнымі спосабамі атрымання даходаў і валодання рэсурсамі. Карацей кажучы, “ты мужчына, таму што можаш дазволіць сабе жанчыну”; і ў гэтым працэсе адбываецца “апрадмечванне жанчын”. Абмежаванне доступу жанчын да рэсурсаў і ўвогуле рэпрэзентацыя іх як “невытворчых” і “прадметаў абмену” ёсць часткай працэсу фармавання новай класавай структуры.

Хаця працэс “адамашнівання” жанчын у канчатковым выпадку і ажыццяўляецца праз эканамічныя працэсы, а не праз нацыяналізм (які, у еўрапейскіх культурах, не мае для гэтага адпаведнага механізму), нацыяналізм усё ж хавае ў сабе, у якасці сапраўднай мэты паўставанне такой (будучай) сістэмы сацыяльнай іерархіі, пры якой жанчыны непазбежна маргіналізуюцца.

Але разам з новымі багатымі постсацыялістычная стратыфікацыя нарадзіла і іншыя групы. У руху ад статуса да класу значная частка інтэлігенцыі аказалася “наводшыбе”: пры савецкім рэжыме яна мела пэўныя прывілеі і вялікую сімвалічную ўладу. У прыгожым новым свеце яны ўжо не маюць ані сімвалічнага статусу (паэт і пісьменнік больш на з’яўляюцца аракуламі нацыі), ані рэсурсаў (не ўваходзяць у групу багатых). Эмацыйная нацыяналістычная рыторыка прадстаўнікоў гэтай групы выяўляецца не болей, як спробай вярнуць сваёй групе трошкі “былой славы” і ўтрымаць пачуццё важнасці статусу.

Для новых сацыяльных груп і для інтэлектуалаў нацыянальныя праекты — аснова легітымізацыі іх карпаратыўных (класавых) інтарэсаў: “Беларуская маладзёвая арганізацыя, у ідэале, павінна сфармаваць будучую беларускую эліту, каб менавіта гэтыя людзі, сябры гэтай арганізацыі сталі дэпутатамі, міністрамі, начальнікамі прадпрыемстваў, дырэктарамі школ і ўнівэрсытэтаў”.