Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 138

Невядомы

Усьведамляючы аб’ектывацыі досьведу, свабоду й абумоўленасьць чалавека, рэальнае й належнае (як магчымае для чалавека ў ягоным імкненьні да аўтэнтычнасьці) як полюсы прасторы рэфлексіі, філязофія праз увядзеньне панятку сьвядомасьці як жывой прысутнасьці чалавека ў сваім досьведзе не дазваляе зьвесьці свой дыскурс толькі да ягонага аб’ектывальнага варыянту — варыянту, які набліжае яе да гуманітарных навук.

У той час як “навукі пра чалавека”, фіксуючы нашую “дэцэнтраванасьць”, апісваюць тое, што фактычна ёсьць, філязофія (мэтафізыка) дае нам магчымасьць пабачыць і тое, чым мы можам быць і да чаго павінны вызваляцца, а менавіта тыя скрайнія, недасягальныя сэнсы, якія, трансцэндуючы нас, могуць, тым ня менш, рабіцца канстытуявальным фактарам нашага рэальнага жыцьця, культуры й гісторыі.

2. І тут якраз неабходна ўвесьці другі скрайні мысьліўны сродак, з дапамогай якога філязофская рэфлексія можа адбыцца як радыкальны досьвед нашага самавызначэння й самавызваленьня. Гэта — унівэрсум “далёкага”, якому мы, у дзеі мысьленьня, адкрываемся (слушна, аднак, і адваротнае: які мы, у дзеі мысьленьня, адкрываем).

Як гэта ўзгадніць з нашай тэмай індывідуацыі, бо вядома, што ў намаганьні індывідуацыі, намаганьні адчуваць сябе жывым і прысутным ува ўласным досьведзе чалавек зьвяртаецца да сябе, “унутранага” (“… голас зьнешняга сьвету разумеюць толькі тыя, хто, пачуўшы яго, суадносяць яго з праўдай, што жыве ў іх саміх”)?

Паўнавартасны акт індывідуацыі досьведу ня толькі не выключае, але ж і, наадварот, прадугледжвае адкрытасьць экзыстэнцыі аб’ектыўнасьці. Досьвед думкі вымагае й прадугледжвае нашу адкрытасьць сьвету, Іншаму, самім сабе, “далёкаму”. І ў гэтым кантэксьце, несумненна важнае патрабаваньне той адкрытасьці іншаму, якое мы сустракаем ня толькі ў антычнай і клясычнай філязофіі, але й у сучасных мэтафізыкаў.

Сакрат добраахвотна падпарадкоўвае сябе выратаванню ідэі Закону й філязофіі як любові да мудрасьці; Гусэрль гаворыць пра тэлас гісторыі, якому мы мусім быць здольнымі адпавядаць, каб ня стацца новымі барбарамі; Гайдэгер — пра неабходнасьць “аховы” й “ахоўнікаў” мастацкіх твораў, якія канстытуюць сабой уласна чалавечы сьвет; Гадамэр — аб праўдзе тэксту і “служэньні”. Нават Сартр гаворыць пра “суворую гісторыю”, якую “трэба выконваць”.