Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 135

Невядомы

Тут індывідуацыя, гэтак жа сама, як і ўгрунтаваныя ў ёй нашыя інтэрпрэтацыі, рашэньні й дзеяньні, выступаюць у сваёй пасярэдніцкай функцыі экзыстэнцыяльнага забесьпячэньня сытуацыі (ці, кажучы моваю Сартра, “сынгулярызавальнай інкарнацыі” чаканьняў і патрабаваньняў матэрыяльнага поля ў нашай уласнай, а значыць і заўсёды канкрэтнай практыцы).

Заўважу, што менавіта ў пераломныя, пераходныя гістарычныя эпохі, у сытуацыях “збояў” ў функцыянаваньні татальнасьцяў і структур сацыяльна-гістарычнае й культурнае прасторы нашага жыцьця гэтая онталягічная функцыя індывідуацыі выяўляе сябе найбольш выразна, стаючыся відавочнай нават для суб’екту паўсядзённага досьведу, ня кажучы ўжо пра філёзафа, які працуе ў рэжыме так званага скрайняга запытаньня (ці запытаньня ў сутнасным “фармаце”) і які шукае мэтафі­зычную “падставу” з тым, каб адказаць на пытаньне пра онталягічныя ўмовы магчымасьці размаітых падзеяў і зьяваў, фактаў, станаў і адносінаў.

Без звароту да праблемы індывідуацыі не абысьціся й у філязофскіх досьледах спэцыфікі чалавечага існаваньня ў сьвеце, паколькі чалавек ёсьць істотай, якая ня толькі заўсёды імкнецца разумець (сьвет, сваю сытуацыю, сябе самога й Іншага, належнае й сваё магчымае), але фактычна заўсёды тым ці іншым чынам ужо разумее, інтэрпрэтуе й прымае рашэньні адносна свайго ўласнага спосабу быць у сьвеце. Не абысьціся без праблематызацыі індывідуацыі як онталягічна незамяшчальнай і незваротнай экзыстэнцыяльнай падзеі нашага самазьмяненьня й тады, калі мы, прыкладам, ставім клясычныя філязофскія пытаньні: чым ёсьць сам фэномен разуменьня? што значыць разумець? Спрабуючы вызначыць неабходныя онталягічныя ўмовы магчымасьці акту разуменьня ў якасьці падзеі, якая трансфармуе й вызваляе нас саміх, мы таксама ня можам ня ўводзіць паняткаў індывідуацыяў нашай адчыненасьці іншаму.

Чаму я зьвязваю індывідуацыю й магчымасьць нашага саматрансфармаваньня-самавызваленьня? Наагул дзеля чаго й ад чаго вызваляцца? Некалькі парадаксальных тэзаў дзеля выяўленьня гэтай сувязі. Такім чынам.

Мы адпачатку свабодныя й несвабодныя

Будучы адпачатку свабоднымі, мы ўсё сваё жыцьцё павінны рабіць намаганьні й працу па самавызваленьні.

Чым больш мы вызваляемся, тым больш мы сябе падпарадкоўваем.

Самое нашае падпарадкаваньне й служэньне зьяўляюцца вызвольнымі.

Ад чаго вызваляцца ў акце індывідуацыі? Ад выпадковасьці й гістарычнасьці, канцовасьці й дэцэнтраванасьці нашага мысьленьня й існаваньня, іншымі словамі, ад нашай таталізаванасьці ананімнымі плынямі паўсядзённага, цялеснага, бесьсьвядомага, сацыяльнага й гістарычнага. Разам з тым, аднак, падкрэсьлім: мы атрымліваем не свабоду як такую, а заўсёды толькі надзею й заўсёды толькі магчымасьць вызваляцца. Прычым, вызваляцца толькі часткова.

Парадокс сытуацыі якраз і палягае ў тым, што прызнаньне ўласнай гістарычнасьці, таталізаванасьці й канцовасьці нашага мысьленньня й існаваньня — не канец, а толькі пачатак працы філёзафа. Філёзаф — гэта той, хто імкнецца радыкальна пераўтварыць гістарычнасьць уласнага мысьленьня, выйсьці за межы дадзенага й зададзенага, узнавіўшы ў філязофіі ня проста й не наагул гістарычнае (бо ўсё чалавечае гістарычна), але асэнсаваўшы й рэканструяваўшы “гісторыю як станаўленьне праўды” (Гайдэгер), гісторыю як таталізавальную Ісьціну, што знаходзіцца ў працэсе станаўленьня (Гегель, Сартр).