Читать «Альпійская балада» онлайн - страница 57

Васіль Быкаў

— Нон правда! Нон! Іван — Влясов!

Яна раптам голасна хліпнула, затуліла далонямі твар. Іван, здрыгануўшыся сэрцам, памкнуўся быў да дзяўчыны, але яна спыніла яго катэгарычным разгневаным «нон!» і пабегла па схіле. Ён стаяў, не ведаючы, што рабіць, і толькі разгублена глядзеў ёй услед. Думкі яго раптам зблыталіся, хлопец адчуў, што сталася кепскае, але як і што паправіць, не ведаў.

Джулія дабегла да жарсцвянае, без кветак, выспы, села і, скурчыўшыся, падцяла калені. На яго нават і не зірнула ні разу.

— Ну і ну! Власаў! — збянтэжана сказаў сабе Іван і, уздыхнуўшы, затаптаўся ў траве.

Здалося, ён сапраўды нарабіў кепскага, недарэчна гэтак парушыў трудна наладжаную і патрэбную ўжо яму чалавечую прыхільнасць яе. Ад усведамлення таго ўсё ў ім заныла, разам асела нядаўняя ціхая радасць, і на душы стала вельмі адзінока.

Ну, ведама ж, яна нешта ўжо чула з таго, што рабілася ў ягонай краіне ў перадваенныя гады, можа, зусім і не так, як гэта было на самай справе. Толькі як растлумачыць усё, каб яна зразумела? Ён ніколі ў жыцці не расказваў нічога пра тыя страшныя гады нават свайму чалавеку, не тое што чужаземцу. Так было лепей. Зноў жа, свае не горш за яго ведалі ўсё, нікога такія навіны не маглі здзівіць. Праўда, у палоне часам здаралася, што хлопцы заводзілі размовы аб мінулым, але перад людзьмі з другіх краін адно толькі хваліліся хараством прыроды, выгодамі свайго дабрабыту. Гэта было зразумела: каму не карціць выглядаць лепей, чым ёсць на самай справе, каму не баліць душа за сваё, роднае? Але Іван у такіх размовах звычайна маўчаў: хваліцца ён не ўмеў, а капацца ў тым трудным, што адбывалася некалі ў краіне, проста не хацеў, сам яшчэ шмат чаго не разумеючы.

Перакідваючы з пляча на плячо скуранку, хлопец таптаўся ў траве; патыліцу і плечы моцна пякло сонца, а ён, колькі ні думаў, усё не мог зразумець, што паміж імі сталася і ў чым тут яго віна. Вядома, пра голад лепей бы прамаўчаць, а наконт яе нядобрых здагадак, дык, мусіць, трэба было б настойлівей паспрабаваць пераканаць дзяўчыну ў справядлівасці нашага жыцця. Хоць і вельмі гэта няпроста было растлумачыць ёй, якая барацьба ішла ў той час на яго зямлі, але, мусіць, трэба было б паспрабаваць тое. Інакш дужа ўжо крыўдна губляць яе давер і павагу да яго. Можа, не грэх было б дзе і схлусіць, толькі… Толькі невыразна яшчэ адчуваў Іван, што справа была тут не ў ім, — за ягонай спіной стаяла нешта вельмі агромністае, усялякае круцельства перад якім выглядала агідай.

Ну, але вось чакай цяпер, хто ведае чаго… Можна было сабе ўявіць, як прыняла б Джулія і яго праўду, выкладзеную па шчырасці, — ці магла яна зразумець усю складанасць таго, што некалі прынесла столькі пакутных перажыванняў яму самому.

Але хай! Няўжо ён з усімі яго яшчэ нямногімі, але сумленна пражытымі гадамі і ўсёй яго верай і шчырасцю можа страціць нешта ў вачах гэтага чалавека з Захаду толькі з-за цяжкіх часін ягонага жыцця? Няўжо прыгожая, на заходні манер загорнутая ў цэлафан мана даражэй за хоць бы і горкую праўду? Не! Калі ў гэтай дзяўчыны чуйнае сэрца, яна зразумее яго і як трэба паставіцца да яго самога, таксама як і да яго вартага павагі народа. Гэта Іван усвядоміў з выразнай упэўненасцю, і яму стала лягчэй і спакайней — нібы штосьці ўжо вырашылася і засталося толькі дачакацца вынікаў.