Читать «Альпійская балада» онлайн - страница 55

Васіль Быкаў

— Гэта вось што, — нахмурана сказаў ён, коратка зірнуўшы на яе. — Трэба… Трэба хутчэй ісці. Разумееш?

— Я, — пагадзілася яна ўсмешыста і з нейкаю затоенай думкай гледзячы яму ў вочы.

17

Яны спусціліся па схіле ад верхняй мяжы лугу да яго сярэдзіны. Тут мак трохі пачаў расступацца, даючы месца настырнаму багаццю іншых кветак. Сям-там сінелі лапікі буйных духмяных незабудак, калыхаліся на ветры званочкі, ад густога водару жоўтай азаліі п’янела ў галаве. Мясцінамі ў кветкавых чашчобах трапляліся жарсцвяныя плешыны, тырчалі з травы шэрыя камяні, каля іх заўжды было многа калючага шчэбеню, ён шкодзіў ступням. Іван таму пачаў асцярожней выбіраць шлях, углядаючыся ў дол. Аднойчы перад яго тварам у траве бліснула чырвоная кропелька. Ён сагнуўся. Між зубчастых лісточкаў ірдзела некалькі налітых сокам буйных сунічын. Толькі ён сарваў іх, як перад вачыма замільгалі яшчэ чырвоныя зорачкі. Тады ён паклаў скуранку, прысеў; Джулія таксама з радасным воклічам кінулася ў дол.

Ягад было шмат — буйных, сакоўных, амаль скрозь спелых. Іван і Джулія пачалі поўзаць і есці, есці іх прагна, прыгаршчамі, забыўшыся на час і асцярогу. Мінула, напэўна, шмат часу, сонца пасунулася на другі бок неба і моцна высвечвала даліну з пералескамі і парэзаны крывулякамі расселін Мядзведжы хрыбет.

Абліваючыся потам, Іван усё поўзаў па траве на каленях, калі пачуў ззаду крокі Джуліі. Хлопец азірнуўся, павярнуўся і, выціраючы з ілба пот, сеў. Тоячы ў зыркастых вачах лагодную ўсмешку, дзяўчына хуценька падышла да яго, апусцілася на калені і разгарнула ражок свае курткі. На густа запэцканай сунічным сокам паласатай пале чырванела рассыпістая кучка ягад.

— Бітте, руссо Іван, — манерна прапанавала яна.

— Ну, навошта? Я ўжо наеўся!

— Но, но аевся! Эссен!

Яна зачэрпнула рукой ягад і ледзьве не сілком прымусіла яго з’есці. Потым з’ела трохі сама і зноў паднесла жменю да ягонага рота. Ягады з яе рук мелі чамусьці зусім інакшы смак, чым з’едзеныя па адной, ён выбраў іх вуснамі з жмені і жартоўна казытнуў зубамі яе цёплую духмяную далонь.

Джулія гарэзна пагразілася:

— Нон, нон!

Так яны даелі ўвесь гэты яе ягадны прыпас, і ён узяў пакінутую непадалёк у маку скуранку.

— Айда?

— Айда! — зухавата згадзілася яна.

Задаволеныя і неяк пабліжэлыя адно да аднаго, яны зноў пайшлі ўніз. Джулія даверліва паклала руку на яго плячо.

— Суніцы, гэта добра, — сказаў ён, парушаючы сцішаную, добрую, але трошкі чамусьці няёмкую маўклівасць. — Я да вайны не адно лета імі харчаваўся.

— О, руссо веджітаріані? — здзівілася яна. — Джулія нон веджітаріані. Джулія любіт біфтекс, спагетті, амлет.

— Макароны яшчэ, — дадаў ён, і абое яны засмяяліся.

— Сі, сі, макароні, — пацвердзіла яна і трошкі задзірыста падражніла: — А руссо суніці!

— Часам бывала… Што ж зробіш… Калі не ўродзіць — прагаладаешся, — нявесела пагадзіўся Іван.

Джулія здзіўлена зірнула на яго.

— Почему голядаешься? Русланд как голядаешься? Русланд само богато. Правда?