Читать «Альпійская балада» онлайн - страница 58

Васіль Быкаў

18

Але дачакацца іх у хлопца не хапіла цярпення.

Джулія, адвярнуўшыся ад яго, крыўдліва сядзела воддаль ды раздумна калупалася ў доле, ён, разважыўшы, узяў скуранку і паціху пайшоў да яе. Яна пачула ягоныя крокі, скаланулася, кінула на яго гняўлівы позірк, затым хуценька падхапілася і пабегла далей. Ён нетаропка ўзышоў на выспу і спыніўся. Трэба было чакаць, а можа, і ісці — ён проста не ведаў, што рабіць. Яна адбеглася на лузе і, не азіраючыся, схавалася за вялізным каменем, што грувастка тырчаў з травы.

Тады ён кінуў у дол скуранку і ніцма лёг на яе, адчуўшы ў сабе рашучасць чакаць, пабачыць, што будзе далей.

Стала горача. Ад нагрэтай сонцам цвёрдай вапняковай выспы, парослай жорсткай, як свінуха, травой, патыхала сухім пыльным жарам — зусім як ад напаленай печы. Потнай гарачынёй заходзіліся голыя Іванавы плечы, спіна; наўкола ў лугавой траве мільгала і пырхала рознакаляровая лятучая драбнота. Іван пазіраў на камень, за якім схавалася Джулія, тая, аднак, не паказвалася. Ад стомы, гарачыні ды няпэўнасці чакання хлопцу пачала дакучаць дрымота. Мусіць, ад ягад або ад спёкі адчуванне голаду зменшылася, затое захацелася піць. «От жа яшчэ не было клопату…» — думаў Іван. Трэба б ісці, як найхутчэй дабірацца да вельмі і вельмі, як ён адчуваў, нялёгкага снежнага хрыбта, знайсці там які пераход, прыдбаць харчу, а тут вось ляжы і чакай. Сапраўды, куды як недарэчна павярнулася ўсё ў гэтым яго даволі ўдалым спачатку ўцёку. Каб не даць дрымоце адолець сябе, ён пачаў дзёўбаць каменным чарапком дол. Аднекуль з травы перад яго тварам з’явіўся вялікі, чорны, з аграмаднымі клюшнямі жук. Пэўна здзіўлены нечаканай сустрэчай, спыніўся, выставіў свае рачыныя вочы і чакаў, грозна варушачы доўгімі гнуткімі вусамі. Іван толькі дакрануўся да яго пальцам, як жук адразу выпрастаў усе свае шэсць ног і апруцянеў. Іван занёс руку, каб пстрыкнуць прэч не дужа прыемнае гэтае стварэнне, як раптам учуў ззаду крокі. Ён крутнуўся ў доле так пругка, што чалавек, пэўна, ад нечаканасці, голасна ікнуў і адначасова з незвычайным спрытам скочыў убок. Падышоў ён ужо зусім блізка і цяпер насцярожана стаяў у траве, уставіўшыся ў Івана нялюдскімі вачыма. Гэта быў усё той жа немец-вар’ят.

— Прывет! — іранічна ўсміхнуўшыся, сказаў Іван. — Жывём, значыць?

Іван нават здзівіўся, ніяк не чакаючы ўбачыць яго тут, такога ж здзічэлага, загнанага, счарнелага ад поту і бруду, з амаль нялюдскім выразам на ссохлым твары, у незашпіленай куртцы і парваных у шматкі штанах. Да таго ж немец кульгаў, ледзьве ступаючы на адну нагу. Але глядзі ты — прывалокся, пры такім яго стане проста зайздроснай была яго ўпартасць, — як здань, ён неадступна цягнуўся за імі, невядома на што разлічваючы.

— Брот! — ціха, але з прыкметнай пакорлівай роспаччу ў голасе сказаў немец.