Читать «Альпійская балада» онлайн - страница 54

Васіль Быкаў

Хлопец, зацяўшы дыханне, слухаў гэты мілагучны адгалосак другога, невядомага свету, ды раптам дзяўчына абарвала свой спеў і падалася да яго.

— Іван! Учіть Джулія «Катуша»!

— «Кацюшу»?

— Сі. «Катушу».

Ра-а-сцеталі явіні і груші… По-о-опілі туані надэкой… —

праспявала яна, адкінуўшы галаву, і ён засмяяўся: так гэта было няправільна і па-дзіцячы няўмела, хоць матыў у яе атрымаўся няблага.

Яна пачала старанна, бы школьніца, спяваць «Кацюшу», не зусім у лад вымаўляючы словы, і ад таго яму было смешна і хораша з ёю, нібы з вясёлым, прыгожым, паслухмяным дзіцем. Ён ішоў блізка ля яе і ў душы ўвесь час усміхаўся ад ціхай чалавечай харашосці, якой ужо так даўно не адчуваў. Невядома было, адкуль і чаму яна, гэта яго лагоднасць — ці мо ад высокага яснага неба, ці ад хараства гор або неабсяжнага шырачэннага прастору, што расхінуўся адсюль, а можа, ад нябачанага ніколі казачнага багацця кветак і нават дзівосных, змешаных у адзін духмяны водар пахаў? Нешта святочнае, замілавана-сардэчнае лунала над гэтымі гарамі і лугам, не верылася нават у небяспеку, у палон і магчымую пагоню і думалася: ці не прысніўся яму ўвесь мінулы паўгадавы жах лагераў з эсэсманамі, смерцю, смуродам крэматорыяў, несціханым брэхам аўчарак? А калі ўсё тое было сапраўды, то як побач з ім магло існаваць на зямлі гэтае бессмяротнае хараство прыроды, якая гэта вялікая сіла жыцця аддзяліла-адасобіла яе чысціню ад злачыннае ашалеласці людзей? Але тое агіднае, на жаль, не прыснілася, яно не было зданню — іх размаляваная палосамі і кругамі вопратка штохвілінна напамінала аб тым, што было і ад чаго яны канчаткова яшчэ не адкараскаліся. I цяпер тут, сярод першатворчае чысціні зямлі, гэтае іх адзенне здалося Івану такой нясцерпнай знявагай чалавечнасці, што ён хуценька сарваў з сябе гэтую куртку і загарнуў, каб не бачыць яе, у скуранку. Джулія перастала спяваць і, заўсміхаўшыся, агледзела яго трохі загарэлыя, крутыя і дужыя плечы.

— О, Эрколе — Геркулес! Руссо Геркулес!

— Які Геркулес? Дахадзяга… — запярэчыў Іван.

— Но, но! Геркулес!

Яна жартоўна пляснула па яго голай лапатцы і ашчаперыла апушчаную долу руку.

— Сільно, карашо руссо. Почему плен шёль?

— Ішоў? Вялі, дык і ішоў.

— Надо біль фашісто! — Яна рашуча махнула ў паветры маленькім кулачком.

— Біў, пакуль мог. Ды вось…

Падняўшы локаць, ён павярнуўся да яе другім бокам, і на яе рухавым смяшлівым тварыку адразу адбіўся жаль, амаль што спалох.

— Ой, ой! Санта Марія!

— Вось і Геркулес… — уздыхнуў ён.

— Болно? — пыталася яна і далікатным дотыкам асцярожна памацала вялізны шырокі рубец — след ад нажавога штыка.

Ён смела пацёр бок.

— Ужо не. Адбалела.

— Ой, ой!

— Ды ты не бойся, дзівачка, — ласкава сказаў ён. — Ану, пырні мацней.

Яна ўсё не адважвалася, і ён, узяўшы ў далонь яе тоненькія пальцы, ціскануў імі шрам. Яна спалохана войкнула і хіснулася ад яго. Іван прытрымаў яе за плечы, гэты кароткі іх дотык адразу шыбануў у душу хвалюючым хмелем, і хлопец, насуперак сабе, адхінуўся. Не, так нельга! Што гэта я? Так нельга. Трэба ісці, дайсці, трэба вырвацца з гэтага фашысцкага кодла — для таго ўцякаў.