Читать «Альпійская балада» онлайн - страница 52

Васіль Быкаў

Хлопец засяроджана дзяліў. Кожная скарыначка, кожная крошка ўзважвалася іх пільнымі позіркамі, і ён знарок паклаў у адну кучку болей — не так хлеба, як скарынак — разам з акрайцам гэта, паводле лагернага разумення, было значна каштоўней, чымсьці аднолькавы па вазе кавалак мякішу. Калі ўсё было раздзелена, рэштку, грамаў на дзвесце, Іван запхаў у кішэню скуранкі.

— Гэта табе, гэта мне, — сказаў ён проста, без традыцыйнага рытуалу дзеляжу, і пасунуў ёй кавалак з акрайкам.

Яна ўскінула чорныя, смаляныя бровы.

— Но. Это Іван, это Джулія, — пераклала яна кавалкі.

Ён зірнуў ёй у твар і з дабратою ў душы заўсміхаўся.

— Не, Джулія, не трэба. Гэта табе.

Іван хуценька ўзяў сваю долю. Джулія падазрона зірнула на яго, паморшчылася і раптам спрытна сунула адну скарыначку ў яго рукі. Ён з скарынкаю зараз жа падаўся да дзяўчыны, але тая, смеючыся, паспешліва адхінулася, ускінула рукі з пайкаю, каб ён не дастаў. Хлопец з гарэзнаю ўпартасцю памкнуўся болей, яна выгнулася, дакранулася да яго бока грудзямі і, каб утрымацца, схапілася за яго плячо. Смех яе раптам абарваўся. Нечаканая блізасць гэта незразумелай няёмкасцю казытнула яго, — прыцяўшы ў сабе новае, неўсвядомленае яшчэ жаданне, ён адразу адхіснуўся ад яе і сеў на бок скуранкі. Яна ж гарэзна, нібы дзяўчынка, усмешыста зыркаючы на яго з-пад брывоў, прыкусіла губу і паправіла на грудзях куртку.

— Бяры, еш. Твая ж гэта, — сказаў ён, пасоўваючы на пале скарынку.

— Но.

З дабрадушнаю лёгкасцю ў настроі, пабліскваючы сваімі бялюткімі зубамі, яна ўзялася грызці свой акраец.

— Бяры, кажу.

— Но.

— Бяры.

— Но, — упарцілася яна, смеючыся аднымі вачыма.

— Няўступака. Ну, як хочаш… — сказаў Іван і ўкусіў ад свае пайкі.

Яна неўзабаве з’ела ўсё, — вядома, зусім не наелася і тайком пазірала на адтапыраную кішэню курткі. Іван нетаропка, з расцягненай асалодай жаваў, прыкмячаў усе яе позіркі і спакваля пачаў думаць, ці не з’есці ўсё. Што там за наедак з гэтых грамаў другім разам, цяпер жа яно было б куды як добра. Але намаганнем волі ён усё ж адагнаў гэтыя думкі, бо занадта ведаў цану нават і такому мізэрнаму кавалачку, як гэты.

— Яшчэ хочаш? — запытаў ён, урэшце даеўшы і сам.

Яна з падкрэсленай рашучасцю, нібы баючыся перадумаць, пакруціла галавой:

— Но! Но!

— А гэта? — кіўнуў ён на скарыначку, што ўсё ляжала на сярэдзіне скуранкі.

— Джулія нон.

— Тады давай так: напалам.

— Вас іст дас — напалам?

Дзяўчына запытальна зморшчыла носік. Сонца свяціла ў яе твар, і яна ўвесь час міжвольна грымаснічала, нібы дражніла Івана.

— Ну, трошкі Івану, трошкі Джуліі.

Ён разламаў скарыначку і адну частку даў ёй — яна з нерашучасцю ўзяла і, адкусіўшы маленькі кавалачак з кончыка, пасмактала.

— Карашо. Гефтлінген чакалято.

— Немцы, яны вымусяць: і хлеб шакаладам здасца.

— Джулія бежаль Наполі — кушаль чакалято. Хляб міль малё — чакалято много, — сказала яна, усё жмурачы цёмныя, як ноч, вочы.

Іван не зразумеў.

— Бегла ў Неапаль?

— Сі. Рома бежаль. Батіка бежаль.

— Ад бацькі? Чаму?

— А, уна… Една історій, — неахвотна адазвалася яна, яшчэ адкусіла маленькі кавалачак і пасмактала яго. Пасля доўгім позіркам агледзела скарыначку— Батіка хотель плёхой маріто. Рускі ето муж.