Читать «Альпійская балада» онлайн - страница 32

Васіль Быкаў

— Каму?

— Руссо! — з рашучай гатоўнасцю сказала яна і крутнулася да яго і хлеба.

Іван моўчкі і беражна ўзяў тоненькую лустачку, крыху жывей ухапіла другую яна.

— Гра… Спасібо, руссо.

— Няма за што, — сказаў Іван.

— Руссо! — таропка жуючы і хутаючыся ў скуранку, аклікнула Джулія. — Как імеется твой імя? Іван, да?

— Іван, — трошкі здзівіўшыся, пацвердзіў ён.

Яна заўважыла яго недаўменне і, адкінуўшы голаў, засмяялася:

— Іван! Джулія угодаль! Как ето угодаль?

— Няцяжка ўгадаць.

— Все, все руссо Іван? Правда?

— Ну, не ўсе. Але шмат. Многа.

Яна неяк адразу абарвала сваю хвілінную весялосць, стомлена ўздыхнула, зябка захінулася ў скуранку і крадком ад яго паглядзела на буханачку ў доле. Ён, расцягваючы асалоду, марудна даядаў свой кавалак.

Заўважыўшы яе вельмі красамоўны позірк, узяў буханачку, каб пакласці яе за пазуху, але не паспеў гэта зрабіць, як Джулія раптам войкнула і застыла на месцы. Адчуўшы нядобрае, ён ускінуў на яе позірк — на твары дзяўчыны быў спалох, шырока раскрытыя вочы няўцямна глядзелі па-над яго плячом. Іван павярнуўся з хлебам у руцэ і адразу ўбачыў тое, што напалохала яе.

Воддаль ад іх і ніжэй, у разагнанай сярод туману прагаліне, абапёршыся на расстаўленыя рукі, сядзеў на скале страшны, у падзёртай куртцы гефтлінг. Голы, без валасоў, яго чэрап тырчаў на тонкай шыі з шырокага каўняра паласатае курткі, на якой чарнеў нумар і вінкель, цёмныя вачніцы-праваліны ўтрапёна ўставіліся на іх. Пэўна, ён убачыў у іхніх руках хлеб, здрыгануўся і, прыскокваючы на месцы, пачаў хрыпла выкрыкваць:

— Брот! Брот! Брот!

Потым абарваў крык, зябка скалануўся і ўжо зусім чалавечым, поўным адчаю голасам патрабаваў:

— Гіп брот!

— Ге, захацеў чаго, — саркастычна ўсміхнуўся Іван, гледзячы на яго.

А гефтлінг некалькі секунд памарудзіў і з нечаканаю злосцю залямантаваў:

— Гіп брот! Гіп брот! Іх бешайнэ гестапо! Гіп брот!..

— Ах, гестапа! — Іван узняўся на ногі. — Ану, марш адсюль! Ну, жыва!

Ён пагрозліва памкнуўся было да вар’ята і толькі ступіў некалькі крокаў, як той скочыў са скалы і адбег далей уніз.

— Гіп брот — нікс гестапо. Нікс брот — гестапо!

— Ах ты, сабака! — закрычаў скрозь вецер Іван.

Яго ахапіла злосць, хлопец памкнуўся быў дагнаць гэтага шантажыста, але той засцярожліва адбег яшчэ далей. Згледзеўшы, што Іван спыніўся, ён таксама стаў.

— Гіп брот!..

Іван засунуў руку за пазуху — немец застыў, чакаючы, але хлопец выхапіў пісталет і хруснуў курком.

— Пістоле! — са страхам крыкнуў вар’ят і кінуўся назад.

Іван прыкусіў вусны, ззаду да яго падскочыла Джулія.

— Дать он хляб! Дать хляб! — спалохана загаманіла яна.

Вар’ят тым часам адбег, прыпыніўся і, азіраючыся, хутка пасігаў уніз.

— Іван, дать хляб! Дать хляб! Нон гестапо! — боязна патрабавала дзяўчына.

«Гад прадажны, — думаў хлопец, злосна гледзячы на хісткую постаць вар’ята. — З ім жарты нядоўгія — наробіць крыку і выдасць немцам. Што зробіш з дурным? I забіць шкада, і адчапіцца няма як. Прыйдуць з сабакамі, патрапяць на след — лічы, усё прапала».

— Эй! — крыкнуў хлопец вар’яту— На брот!