Читать «Альпійская балада» онлайн - страница 23

Васіль Быкаў

— Воцу дзі пістоле! Гер гефтлінг!.. Гер гефтлінг! — лапатаў аўстрыец. — Эсэс!

Іван ураз сцяўся, ён зразумеў, але з усяе сілы не хацеў паверыць, што зноў бяда. Праклятая мурашка разгульвала ўжо між лапатак, толькі хлопец не паварушыўся, каб страхнуць яе, — суровым, зацятым позіркам ён упіраўся ў аўстрыйца.

— Эсэс! Дорт эсэс! Штрэйфе! — даводзіў чалавек. Ён быў усхваляваны, пот цурком ліўся па яго немаладым ужо, азызлым твары, у грудзях, нібы гармонік, дыхавічна рыпела і свістала на ўсе лады.

Іван азірнуўся і прыкусіў вусны.

— Дзе эсэс?

— Дорт! Дорт! Іх мехтэ інен гут махен, — махаў рукой аўстрыяк, трымаючыся другой за лямку мяшка.

— Ду найн люген?

— О, найн, найн! Іх бін гутэр мэнш! — горача гаманіў ён і, перамяніўшы тон, няскладна вымавіў па-руску: — Я біль плен Сібір.

У ягоных устрывожаных старэчых вачах мільганула штось цёплае, і Іван зразумеў: ён не ашукваў. Трэба было спяшацца, іх маглі згледзець тут, але з гэтым чалавекам знікала апошняя надзея на харч.

— Ду вэр? Варум гір? — сурова запытаў хлопец і за рукаў скуранкі бесцырымонна тузануў аўстрыйца са сцежкі.

— Іх бін вальдгютэр. Дорт іст майн форстэй.

Іван зірнуў угору, куды паказваў чалавек, але ніякага дома не ўбачыў, затое згледзеў, як з гушчару выскачыла Джулія, — відаць, яна чула іхнюю размову, і настойліва загаманіла:

— Руссо! Руссо! Бежаль! Руссо…

Безуважны да яе крыку, Іван яшчэ раз тузануў аўстрыяка за плячо і рвануў з яго рук мяшок.

— Эссен?

— О, я, я, — пагадзіўся той. — Брот.

Аўстрыец, напэўна, усё зразумеў, азірнуўся, таропка апусціўся на калені і дрыготкімі пальцамі расшмаргнуў прошву свайго мяшка. Іван адною рукой сунуўся туды, сярод нейкіх рэчаў адразу адчуў шархоткую скарынку хлеба і вырваў з мяшка невялічкую, счарсцвелую ўжо буханачку. Аўстрыяк не пратэставаў, толькі неяк страціў нядаўнюю жвавасць, і на кароценькі момант у хлопцавым сумленні варухнуўся дакор. Але ён тут жа суровасцю прыдушыў яго, сігануўшы пад сасонкі, незнарок кінуў погляд угору, дзе высіліся шэрыя снегавыя вяршыні, і азірнуўся. Аўстрыяк завязваў рэчмяшок, пальцы яго чамусьці не маглі саўладаць з прошвай-маланкай. Тады Іван шпурнуў Джуліі хлеб, а сам зноў падскочыў да чалавека.

— Знімай!

Ён забыўся, як па-нямецку назваць скуранку. Аўстрыяк не зразумеў яго, і хлопец выразна тузануў яго за рукаў. Толькі аўстрыяк не спяшаўся аддаць адзежыну — на старэчым твары слізганула збянтэжанасць.

Іван крыкнуў:

— Шнэллер! — і тузануў настойлівей.

— Шнэллер! Шнэллер, руссо! — сцішана, але дужа настойліва гукала з сасонніку Джулія, і аўстрыяк з самотаю, якая раптам напоўніла ўсю яго расслабленую істоту, зняў з сябе скуранку.