Читать «Альпійская балада» онлайн - страница 21

Васіль Быкаў

— А, понімаль: ляндвіртшафт?

— Во, во. Колхоз.

— О, я очень люблу кольхоз! — раптам ажыўлена загаманіла яна. — Кольхоз карашо. Ля вораре компанія. Отдіх — компанія. Тутто компанія. Карашо компанія. Руссо кольхоз карашо экономіко, правільно я понімаль? — запытала яна і азірнулася.

Ён не паспеў адказаць — зрушаныя яе нагамі, уніз пакаціліся камяні, зямля, розная драбнота. Ён ледзьве паспеў адхінуцца ўбок. Яна ўгары засмяялася і бокам прыпала да схілу.

Іван са злосцю шыкнуў:

— Ціш ты!

Яна зноў спахапілася, зацяла рукою рот і азірнулася.

— Пардон.

— Пардон, пардон! Ціха трэба. Чаго рагочаш?

Яе безразважнасць злавала хлопца; мусіць, ён сказаў тое занадта груба, яна стрыкнула брывамі і падцяла вусны.

— Мой імя ест Джулія. Сіньоріна Джулія, — аб’явіла яна.

Ён строга акінуў яе позіркам і сказаў сабе: «Ну і што? Сіньярына!» Гэта было для яго малаважна, асабліва далікатнічаць з ёю ён не збіраўся. А яна, відаць, пакрыўдзілася, змоўкла і таропка палезла ўгору. Іван жа не дужа спяшаўся.

Нізка прыгінаючыся долу, ён шырока ступаў балючымі з учарашняга пальцамі на шурпатыя сцюдзёныя камяні, кідаў спадылба кароткія позіркі на яе ўвішную паласатую постаць і думаў: хто яна? Якая-небудзь еўрапейская гурэн, як іх называюць немцы, беспрытульная бадзяжка мітуслівых італьянскіх гарадоў, бяздумны матылёк з пакалечаным вайною жыццём? Гэта найбольш падобна было да яе, з такім яе гарэзным і, відаць, падкім на прыгоды характарам. Праўда, вінкель у яе быў чырвоны, палітычны, яна нешта там гаварыла пра нянавісць да немцаў, але хлопец не дужа верыў у сур’ёзны грунт яе варожасці да фашыстаў. Магчыма, нехта з іх пакрыўдзіў яе, пасля, вядома, сербанула гора ў лагеры. Але хіба такія доўга памятаюць крыўды? Праўда, ён амаль не ведаў яе, хоць ужо некалькі разоў паспеў пераканацца, якая яна несур’ёзна-бяздумная шмат у чым з таго, ад чаго залежаў лёс іхніх уцёкаў. Вядома, ён разумеў, што ў такім становішчы трэба было быць асабліва пільным і найбольш спадзявацца на самога сябе.

7

Калі яны ўрэшце выбраліся на край камяністага абрыву і, стомленыя, спыніліся, іх позірку адкрыўся амаль што плоскі горны ўхіл, зарослы дробным пакручастым сасоннікам. Пасля мокрай змрочнай цясніны тут здалося надзвычай вольна, прасторна: далёка ўнізе шырока раскінулася даліна, за ёй у бледна-сіняватай смузе млелі хрыбціны суседніх гор.

— Генуг! — задыхана сказала яна. — Нэмножко генуг!

Ён моўчкі апусціўся на край каменнай пліты, што тырчала з зямлі, яна бегла глянула ўгору, пад суцэльнае нагрувашчванне гор, даўжэй — уніз, на лясны адхон з частымі плямамі рудой зямлі між сасонак. I ён, пазіраючы знізу, адчуў, як яна нібы за штось зачапілася там сваім позіркам і, замёршы, уважліва глядзела, падкурчыўшы адну нагу. Гэта адразу ўстрывожыла і яго, Іван устаў, угледзеўся — далёка ўнізе між сасняку на прагалах сям-там праблісквалі светлаватыя крывулякі-сцежкі. Гэта несла з сабой новыя клопаты. Ён яшчэ ўгледзеўся, і тады яна, не паварочваючыся, схапіла яго за рукаў, затармашыла, неяк не то ўстрывожана, не то абнадзеена загаварыла: