Читать «Альпійская балада» онлайн - страница 18

Васіль Быкаў

Але ён не дабягае да аселіцы. Босыя ногі яго вязнуць у цяжкай, ліпкай гразі, ён ледзьве варушыць імі, таксама як і рукамі і ўсім целам, і бяжыць, нібы ў вадзе, марудна і цяжка. Выбіраючы дарогу, ён збочвае да плота і раптам бачыць на ім нечыя галянастыя босыя ногі. Ён ускідвае галаву: на верхняй жэрдцы сядзіць незнаёмая, першы раз бачаная ім дзяўчына з чорнымі, высока ўскінутымі брывамі, у бялюткім як снег плацці. Яна зіхатліва-радасна ўсміхаецца яму чорнымі, нібы спелыя слівы, вачыма і кажа: «Чао, Іван!»

I ён спыняецца, раптам забыўшыся на хлопцаў і на ўсё на свеце, ён рады, шчаслівы, збянтэжаны сустрэчай з ёю, першы раз убачанай, але быццам здаўна вядомай яму, бо яна — гэта тая, што ўсю маладосць жыла ў неўсвядомленых яго марах. Захліпнуўшыся радасцю ад гэтай сустрэчы, ён кідаецца да плота, да яе, але тут жа, зірнуўшы на сябе, спахопліваецца — ён жа толькі што з работы, з поля, ад трактара, на ім старыя, залапленыя на каленях штаны і аблезлая на плячах кашуля. Збянтэжаны, ён спыняецца, хмурнее, яна таксама зганяе радасную ўсмешку на сваім незвычайна сонечным твары, меркне яркая белізна яе плацця, і паступова яна знікае, бы здань.

Тады ён кідаецца да плота, хапаецца за жардзіны, вырывае аблытаныя лазою калы, але перад ім паяўляецца яго маці. Паклаўшы на тую верхнюю жэрдку рукі, яна ціха стаіць па той бок у бульбоўніку, уся ў цёмным сялянскім убранні, і журботна кажа яму: «Фашыстоўка яна. На хлопцаў тваіх немцам даказала…»

«Дзе яна? Дзе яна?» — хоча закрычаць ён, але не можа гэта зрабіць, бо на яго шыі вяроўка — чорны шаўковы шнурок, на якім заўжды пад барабанны бой вешалі ў лагеры. Яна заціскаецца, нацягваецца, і другі канец яе, як почапка, валачэцца за недадушанай ім у раўку аўчаркай. Аўчарка жывая і дужая, яна моцна тузае, ён падае, хоча закрычаць, але голас у яго прападае, і тады ад нейкага ўнутранага штуршка ён прачынаецца.

6

— Ха-ха-ха!.. — раздаецца над імі звонкі бесклапотны смех.

Іван паднімае голаў, мацае шыю, шырока расплюшчвае заспаныя вочы і першае, што бачыць перад сабой, — гэта яркі, глыбокі блакіт пагоднага ранку і побач — дзівоснае белазубае ззянне дзявочай усмешкі.

— Баста шляўфен. Марш-марш надо, — кажа дзяўчына.

Зараз жа цела яго, нібы электрычным токам, пранізала сутарга ад холаду, ён памаўчаў, трудна пераключаючыся ў рэальны клапотны свет, ваўкавата паўзіраўся насустрач стрыманай яе весялосці. А яна, абапершыся на руку, сядзела збоч і кусала сцяблінку, якой, відаць, перад тым паказытала і разбудзіла яго. Ад учарашняе яе апатычнасці і знямогі, здавалася, не засталося і следу.

— Марш, кажаш? Ну паглядзім.

— Глядій, глядій, — згадзілася яна, усё з хітрынкай у вачах узіраючыся ў яго твар.

А ён, яшчэ раз скалануўшыся ад холаду, ускочыў, шалёна замахаў у паветры рукамі, пачаў выкідваць у бакі ногі і прысядаць — выпрабаваны салдацкі спосаб сагрэцца. Яна, відаць было, спачатку здзівілася, высока над вачыма ўскінула свае шырокія дугі-бровы, пасля раптам засмяялася, коратка, але так гучна, што ён аж спалохаўся.