Читать «Альпійская балада» онлайн - страница 17

Васіль Быкаў

А танкі — побач.

Спалоханы іх грукатам, аднекуль з гародаў шугае ў паветра вялізны, на паўнеба, статак вераб’ёў, у суладным сваім палёце ён імкліва слізгае ўбок, пасля ўвесь разам — у другі, і тады з-за хаты, разрыўшы на павароце зямлю, высоўваецца танк.

Іван разумее, што ўцячы не ўдасца, неяк самлела размахваецца і кідае на дарогу гранату. Але граната чамусьці не рвецца, а падскоквае і сіпіць паміж дзвюх каляін, і танк вось-вось аб’едзе яе. Івану робіцца страшна. У гэты час з танка заўважаюць акоп пад сцяной, крутнуўшыся на адной гусеніцы, танк збочвае, і тады невымоўны жах працінае Цярэшку: аказваецца, гэта ж свой танк — нашая «трыццацьчацвёрка».

Іван на секунду млее ад таго, што ён нарабіў, затым, крутнуўшыся, кідаецца назад і ледзьве не натыкаецца тварам на шырокі блішчасты нажавы штык, настаўлены ў яго — немец імгненна робіць кароткі выпад, і штык мякка, нібы штосьці чужое, пранізвае ягоныя грудзі. Іван ведае, што гэта канец, што ён забіты, і аж захлынаецца ад роспачы, хоць болю чамусьці зусім не адчувае.

Звычайна тут ён прачынаецца ад неадольнага страху, але ў гэты раз свядомасць яго існуе нібы асобна ад цела, яна абнадзейвае, што гэта яшчэ не ўсё, што наперадзе будзе яшчэ палон, уцёкі, — таму ён не можа загінуць, нават і прабіты штыком.

Сонныя гэтыя прывіды неўпрыкмет змяняюцца іншымі. Ён ужо апынаецца ў вёсцы, у сваіх Цярэшках, на старажытнай зямлі крывічоў, і быццам гэта адбываецца да вайны, нават да яго прызыву на службу. Паколатай авечымі капытамі, гразкай вуліцай ён бяжыць на аселіцу да калгаснага свірна, куды, ведае, прыгналі са звязанымі рукамі Галадая і з ім яшчэ некалькі знаёмых гефтлінгаў. У Івана разрываецца сэрца ад крыўды і ад бегу, здаецца, што ён спозніцца і не дакажа людзям, што нельга спаганяць злосць на палонных, што палон — не віна іх, а няшчасце, што не яны здаліся ў палон, а іх узялі сілаю.