Читать «Аліва і меч» онлайн - страница 15

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

— Бярыце. I прачытайце. Я вырашыў аслабаніць яго дом — кватэры для людзей знойдзеце ў іншых будынках… А там няхай стары робіць музей. Сродкі адшукайце, каб дастаткова было. Маеўскаму дайце пры музеі два пакоі… I яшчэ: прызначце яго пажыццёвым дырэктарам музея, дайце добрую пенсію і спецпаёк.

Ашаломлены Шлык глядзеў на тое, як Арсень дзякаваў гаспадару. Потым буркнуў:

— Не туды ты, Арсень, павёў справу. Адразу бачна, што ў цябе нянавісдь да гадаў толькі асабістая.

— А сапраўды, чаму вы пайшлі ў рэвалюцыю? — зацікавіўся Ленін.

Воўкаў паціснуў плячыма:

— Сям'я была дэмакратычная. Ведалі, нельга так далей жыць. Але галоўным штуршком было тое, што казакі маці застрэлілі пад час курлоўскага расстрэлу. Выпадкова пад кулю трапіла. Яна ў мяне хоць і любіла Шчадрына, але ціхая была, як мышка.

— Што я і казаў, - махнуў рукою Шлык.

I тут Ленін упершыню паглядзеў на яго сурова:

— Вы кажаце, асабістая нянавісць? Гэта нядрэнная штука, калі яна змацоўвае грамадскую. Год у пятнаццаць у мяне было рамантычнае нарадалюб'е. Прачніся, маўляў, мужык! I быў у мяне старэйшы брат, самы таленавіты чалавек з тых, каго я ведаў. Чысты, як ільдзінка, гарачы сэрцам, з высакароднай любоўю і нянавісцю… Вы не ведаеце гэтага, таварыш Шлык… Але я ў параўнанні з ім — вельмі сярэдні чалавек. Яго павесілі за замах на цара. I я дагэтуль дрыжу ад нянавісці, калі падумаю, што да яго яснага лба дакранаўся кат… Маці хадзіла па канцылярыях, слухала прыязныя разважанні саноўных жандараў. Яе хвароба прымусіла брата пісаць цару ліст аб памілаванні. I ён напісаў ліст, ліст грамадзяніна Ульянава да грамадзяніна Раманава. Гэта быў такі ліст, што яго не паказалі цару. Каб не маці, ён не зрабіў бы і гэтага… Але я трыццаць год чуў, як ён, брат, рыпеў зубамі, калі сядаў за гэты ліст.

У Леніна перасекся голас.

— I я зразумеў тады: лад, які знішчае таленты, душыць іх — такі лад не павінен жыць. Я тады ўжо ведаў шлях, але нянавісць мая была бяззубай. Пасля пакарання смерцю я зразумеў: я і яны — ворагі да скону. Я ненавідзеў іх за мой народ, за галодных, за страчаных, за маю маці, за Сашу. I народ адпомсціў за свае пакуты і за майго брата.

Арсень адчуў гарачы паток замілавання да гэтага чалавека. Ціха, амаль шэптам, ён спытаў:

— А пасля… вы былі… там?

I Ленін зразумеў, пра што яго пыталі. Маўчанне цягнулася нясцерпна доўгіх дзве хвіліны. Потым ён адказаў, таксама ціха:

— Быў… пасля перамогі. Гэта была жудасная камера. Ад адной цішыні можна было зрабіцца вар'ятам. I хоць я ведаў, што раблю глупства, я зайшоў туды, і за мной зачыніліся дзверы. Я знаў, што за дзвярыма людзі, што турэмшчыкі не вернуцца, што за мурамі буяе зусім іншае жыццё, у якім мы нікому нікога не дамо крыўдзіць. І ўсё ж мне на хвіліну стала жудасна… як брату.

Воўкаў нахіліўся да яго:

— I вы сказалі яму, што іх скінулі?

— I мне ніхто не адказаў… на жаль, — закончыў яго думку Ленін.

Ён падняўся і адышоў да акна, а потым рэзка павярнуўся да Шлыка:

— Дык вось, таварыш, вы самі бачыце, што ў мяне больш "асабістых падстаў" на нянавісць да ўсіх гэтых… мільянераў. I, аднак, я ўмею адрозніваць Рабушынскіх і Няклюдавых ад Бахрушыных і Маеўскіх. Не пашкодзіла б і вам умець рабіць гэта.