Читать «Аліва і меч» онлайн - страница 14

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

- Я не хачу зваліцца. Мяне часам мучыць сон: я памёр, не паставіўшы цягнік на рэйкі, не зрабіўшы ўсяго, што магу. I жахлівей мне нічога не снілася… Але ёсць адзін прынцып: быць, як усе. Сорамна быць сытым, калі народ галадае. Лепей заўчасна памерці, чым страціць гэты сорам. I Цюрупа, і я, ды і вы, таварышы, — мы ідзем на гэта не таму, што мы такія ўжо добрыя людзі, а таму, што мы вучні Маркса. I гора нам, калі мы перастанем быць такімі.

Памаўчаў.

— Я ведаў некаторых дзеячаў Другога Інтэрнацыянала… Самы страшны, самы небяспечны вораг рэвалюцыі — карупцыя, перараджэнства. Такі — горшы за хама-купца, таму што яму вераць… I гэта жахлівей, чым сотня Дзянікіных. Калі пабачыце зачаткі перараджэнства, таварышы, — круціце галаву без літасці.

V

У кабінеце, куды яны хутка перайшлі, Уладзімір Ільіч адразу пачаў пісаць: хутка, амаль не закрэсліваючы. Потым сеў бліжэй да субяседнікаў:

— Зброю дамо, таварышы. Вось запіска. Але зброі будзе ўсё ж не вельмі і многа.

— Добра, — сказаў Юстын, — выкруцімся. Калі палякі пачнуць наступ — сялян з дубальтоўкамі ўзброім. Яны зараз ведаюць, што такое панства.

— Верна прыдумана… Гэты ліст перадасцё Кандратовічу, тут справы наконт камандавання. Камандзіра таго корпуса змясціць, каб духу не было… А на яго месца пастаўце чалавека, які боты зняў перад атакай ворага, каб паказаць, што бегчы нельга. Ваенныя веды ў яго добрыя, а галоўнае, людзей ведае… I вось яшчэ ліст наконт бандытызму і становішча з хлебам. Інструкцыі падрабязныя.

Пацёр пальцамі скроні.

— Не ідзе ў мяне з галавы гэты Маеўскі, таварыш Арсень.

Юстын пачырванеў. У гэту хвіліну ён вельмі нагадваў аднаго з рабесп'ераўскіх непрымірымых санкюлотаў.

— Расстраляць яго трэба, Уладзімір Ільіч. Усе ў Чорным моры плаваюць, а гэты ходзіць па горадзе. Мільёншчык, эксплуататар!

- І мільёншчыкаў адрозніваць трэба, — непрыхільна пахітаў галавою гаспадар, — я ведаю аднаго фабрыканта ў Пецярбурзе, якога пасля пятага года судзілі за ўдзел у паўстанні.

Шлык не здаваўся:

— Яны слова гонару парушаюць… Змовы паўсюль… У вас стралялі.

Ленін паклаў на стол сціснутыя кулакі:

— Тое, што ў мяне стралялі, - гэта, таварыш, мая справа. У мяне стралялі. За народ дараваць нельга, а за Ульянава — ён сам даруе. Не мне ліць кроў такіх, я не Аляксандр Трэці… Няхай яны лепей паглядзяць, якой будзе Расія праз васемнаццаць — дваццаць год.

I раптам усміхнуўся Шлыку.

— Куля ў маім целе не варта яшчэ адной крыві. Гэта глупства ў параўнанні з плачам галоднага дзіцёнка. Мяшэчнікі, вось каго трэба расстрэльваць… За дзяцей.

У Арсеня перахапіла подых. Ён сэрцам ведаў: гэта не словы. I ён ведаў яшчэ, што калі спатрэбіцца гэтаму чалавеку яго, Арсеня, жыццё, ён пойдзе на смерць так лёгка, так радасна, бы ў абдымкі каханай.

А Ленін тым часам звярнуўся да Воўкава:

— Вы ўпэўнены, што ён не сарганізуе нічога шкоднага?

I Арсень са шчырым сэрцам адказаў:

— Я паручуся за гэта рэвалюцыйным сумленнем.

— I ён не ўцячэ за граніцу?

— Ад калекцый?! — здзівіўся Арсень.

— Чакайце тады.

I перыйка таннай ручкі зноў зачыркала па паперы. Пісаў ён даволі доўга, потым устаў і працягнуў лісткі Арсеню.