Читать «П"яўка» онлайн - страница 8

Юры Станкевіч

Некалькі падлеткаў, між тым, рухаліся мне насустрач, а сустрэчы з імі заканчваюцца іншым разам непрадбачнымі наступствамі. Так, з год таму я быў нечакана атакаваны імі побач з домам, дзе жыў, і хоць магу пастаяць за сябе, тая сутычка каштавала мне пераламанага рабра і нажавой раны на прадплеччы, бо нападаюць яны без прычын, спантанна, і, як пацукі — адразу ўсе. Зняважыць белага для іх асаблівая асалода, і я, павагаўшыся, падняў каўнер сваёй курткі, каб схаваць колер валасоў і глыбей насунуў на галаву капялюш. Хоць, меркаваў я, выцягні я рэвальвер, усе яны адразу ператварыліся б у “марафонцаў”.

Шум ад працуючых рухавікоў, віск тармазных калодак, агні рэкламных шчытоў, як звычайна, абрынуліся на мяне. З-за замацаваных і замаскіраваных там-сям у сценах рэпрадуктараў, як я набліжаўся і праходзіў побач, да мяне даносіўся зазыўны шэпт аўтамаклераў і агентаў — усялякія крамкі прапаноўвалі сваё: тавары масавага попыту, сексуальныя паслугі з забеспячэннем натуральных ці механічных партнёраў ці партнёрш, азартныя гульні, парнаграфічныя касеты, дазволеную ахоўную зброю, каталогі ўсялякіх турысцкіх падарожжаў і забаўленняў і яшчэ шмат чаго іншага. Урэшце я не прыслухоўваўся: калі на ўсё гэта непатрэбства звяртаць увагу, то можна і звар’яцець. Тым больш, што, як я ведаў, шматлікія вар’ятні за межамі мегаполісаў перапоўнены, вар’ятаў адтуль перыядычна выпускаюць, хоць і там калі-нікалі ўжываюцца лабатамія і аўтаназія.

У падземным пераходзе некалькі трансвестытаў і прастытутак атакавалі мяне. Хоць афіцыйна пад націскам іслама такія паслугі забараняюцца, што я лічу станоўчай з’явай, гандаль целам існуе, і займаюцца гэтым як жанчыны, так і мужчыны, і нават дзеці. Прастытутак за некалькі мінулых дзён я ўжо ведаў у твар. Большасць з іх — белыя, дзве мулаткі. Адну з іх — Джэму — я дзень таму нават прывёў да сябе. І справа тут не ў маёй сексуальнай усюдыіснасці, а ў тым, што мне часам становіцца невыносна аднаму, бо мая нявеста раптоўна знікла паўгода таму. Яна затрымалася на працы, было ўжо даволі позна, ніхто не падвёз яе дамоў, а мне яна не пазваніла — пэўна не хацела турбаваць і рызыкнула спусціцца ў метро. Яна была белая, і яе звалі Эрыка. У падземках раз-пораз знікалі жанчыны, і не толькі белыя. Я змяніўся з той пары. Нават вайна не зрабіла са мной такога. Месяцы са два я ездзіў у падземцы, распытваў яе выпадковых і пас-таянных насельнікаў, навучыўся мяняць сваю знешнасць і выдаваць сябе за “каляровага”, але ўсё дарэмна. Я толькі выявіў, што стаў больш жорсткі да людзей. Што ж, у гэтым маёй віны не было.