Читать «Лагодны цмок (Ангельскiя лiтаратурныя казкi) (на белорусском языке)» онлайн - страница 37
неизвестен Автор
Прынцэса змоўкла, потым запытала звычайным голасам:
- Хiба ён не заслужыў, каб яго з'елi?
- Заслужыў, Ваша высокасць, яшчэ й як!
- А цяпер, - зноў загаварыла прынцэса, i яе голас загучаў жыва i ўсхвалявана, - я хачу прачытаць табе нешта зусiм iншага кшталту. Нiчога падобнага я яшчэ не атрымлiвала.
Цiхутка, нiбы сабака, якi завiнавацiўся, зноў прабраўшыся на сцяну, цень паказаў, што прынцэса нахмурылася ў задуменнi.
Было з чаго. Лiст быў напраўду вельмi дзiўны. Аўтар шчыра прызнаваўся, што ён не надта смелы, не надта моцны i зусiм не ўмее бiцца. Ён нават мышэй баiцца, дык што ён можа супраць цмока? Ён пiсаў, што прынцэса, якая, на яго погляд, вылучаецца не толькi прыгажосцю, але i немалым розумам, першая зразумее марнасць гэткай ахвяры. Але ён увесь час думае пра яе, шкадуе яе i быў бы шчаслiвы зрабiць для яе якую-небудзь, хай сабе i невялiчкую, паслугу. Ягонае сэрца сцiскаецца, калi ён уяўляе, як пакутуе бедная прынцэса, калi чакае зыходу бойкi памiж цмокам i яе чарговым рыцарам. Як ён хацеў бы палегчыць гэтыя цяжкiя хвiлiны! Ён лiчыў бы за вялiкi гонар, каб Гэрмiёна дазволiла яму пабыць побач (няхай нават за дзвярыма) у горкi час выпрабавання.
- Шкада, што не магу гэтага дазволiць, - уздыхнула прынцэса. - Ён мне падабаецца. Мне падабаецца, што ён не прапануе аддаць сваё жыццё. Мне падабаецца, што ён разумее, што жанчыне не надта прыемна глядзець, як мужчыны гiнуць праз сваю пыху ды славалюбства. Мне падабаецца, што ён лiчыць мяне разумнай. Мне падабаецца, што ён шануе мае пачуццi i гатовы быць побач у цяжкую хвiлiну, хоць нiякай славы гэтым не здабудзе. Я ўпэўненая, што, каб ён быў побач, дык заўсёды ведаў бы, у якiм я гуморы, i што мне патрэбна, ён увесь час клапацiўся б пра мяне. Ах, ён падабаецца мне з тысячы розных прычын! Мне нават падаецца, што я кахаю яго!
- Ваша высокасць! Ваша высокасць! - занерваваўся чарадзей. - Прыгадайце, калi ласка, умовы заклiнання.
- Паўтары мне iх, я забылася, - загадала прынцэса.
- Калi ён любiць,
А ты не,
Дык хутка быць
Яму ў труне,
- весела прапеў чарадзей.
- Вось i ўсё, што трэба ведаць, - уздыхнула прынцэса, якая, праўду кажучы, цудоўна памятала заклiнанне, - бо так заўжды было, так заўжды i будзе. Што ж, кажы далей.
- Калi ён любiць,
Як i ты,
Дык шанец ёсць,
Але якi?
- прадэкламаваў чарадзей крыху цiшэй.
- Але ж калi "ён" - гэта Конрад, дык ты мог бы паспрабаваць адгадаць, праўда? - какетлiва сказала прынцэса. - Ну, а якая апошняя ўмова?
Чарадзей панiзiў голас да шэпту:
- Калi ты любiш,
А ён не,
Нiшто цябе
Не ўберажэ.
- Ха, ха, ха! - зарагатала прынцэса, i цень на сцяне закалыхаўся, як матылёк над кветкай. - Мне ўсё роўна, я кахаю гэтага Конрада!
- Ён яшчэ юнак, Ваша высокасць, яму ўсяго семнаццаць.
- Мой улюбёны ўзрост, я кахаю яго!
- Гэта летуценнiк, а не мужчына, ды яшчэ баязлiвец i гультай!
- Я кахаю яго!
- Пакуль вы чыталi, я выклiкаў ягоны вобраз: у яго няма пярэдняга зуба!
- Мне абрыдлi прыгожыя твары з правiльнымi рысамi! Я кахаю яго!
- Ён рудавалосы, увесь у рабацiннi ды яшчэ й неахайны.
- Нiчога, я кахаю яго.