Читать «Лагодны цмок (Ангельскiя лiтаратурныя казкi) (на белорусском языке)» онлайн - страница 36

неизвестен Автор

- А потым?

- Потым я вярнуся i ажанюся з Шарлотай. Яна мне верыць i ўсё разумее. А ты падаруеш нам крыху сваiх грошай, усе я не вазьму, бо я ж не хцiвы.

Ён выйшаў пасвiстваючы. Конрад самлеў ад жаху.

Каралеўскi палац, якi шмат вякоў таму быў пабудаваны на скале, з трох бакоў абкружанай глыбокiмi прорвамi, заўсёды лiчыўся непрыступным. Казалi, што ў самой скале было выбiта больш пакояў, чым пабудавана з каменю на скале. У познiя часы архiтэктары ўпрыгожвалi толькi знешнi выгляд палаца - дадавалi элегантныя вежкi ды балкончыкi.

Улюбёным прынцэсiным месцам у палацы быў пакой, так глыбока схаваны ў тоўшчы скалы, што сонечнае святло трапляла туды толькi пры дапамозе складанай сiстэмы люстраў. Немагчыма было здагадацца, якая пара года на двары, бо цэлы год у камiне гарэў агонь. Уваход у гэты пакой быў толькi адзiн - па стромкай вузкай лесвiцы, але, па чутках, выхадаў з яго было некалькi: цёмныя, нiзкiя праходы, якiя, напэўна, вялi да патаемных сховiшчаў у скале. Стагоддзямi нiхто iмi не карыстаўся i не цiкавiўся, але прынцэса захаплялася ўсiм таямнiчым i ведала праходы як свае пяць пальцаў. Часам яна нават палохала бацькоў - раптам узнiкала перад iмi нiбыта з паветра.

Гэрмiёна сядзела ў глыбокiм фатэлi ля камiна i гартала нейкiя паперы. Прачытаць iх яна не магла, бо не хапала святла. Раптам на паперы ўпаў нечы цень. Прынцэса падняла вочы. Перад ёю стаяў чалавек. Як ён тут апынуўся, яна ведала не больш за нас з вамi, але зусiм не здзiвiлася i не напалохалася.

- Ну што, - сказаў чарадзей (безумоўна, гэта быў ён), - ты ўсё яшчэ незадаволеная?

- Учора, прынамсi, усё прайшло цудоўна, - прашаптала прынцэса.

- Ты прачытаеш мне, што ён сказаў? - папрасiў чарадзей.

- Дай святла, - загадала прынцэса.

У тую ж хвiлiну пакой напоўнiўся залацiстым святлом. Гэрмiёна гартала паперы.

- Рудольф, Рудольф, - мармытала яна. - А, вось i ён. Табе сапраўды цiкава, што сказаў гэты небарака?

- Тое ж, што i iншыя?

- А што ж яшчэ? Але гэта асаблiва ўдалы экземпляр, - хоць прынцэса й намагалася, каб яе голас гучаў абыякава, было вiдаць, што яна вельмi задаволеная.

Яе цень, якi нiбыта жыў сваiм уласным жыццём, закалыхаўся, зморшчыўся i зрабiўся меней прыгожым. Прынцэса павярнула галаву i заўважыла гэта.

- Зноў гэты цень за сваё, - раздражнёна сказала Гэрмiёна i загадала чарадзею: - Прыбяры яго!

Цень знiк.

Прынцэса ўтульней уладкавалася ў фатэлi i чароўным голасам, але iмiтуючы вясковае вымаўленне, пачала чытаць:

"Мiласцiвая Прынцэса!

Ва ўсе часы людзi шкадавалi мiнулае i баялiся будучынi, але нiколi яшчэ гэта не было так слушна, як цяпер. Бо ў мiнулым не было Прынцэсы Гэрмiёны; у далёкай будучынi, мiлы анёл (дай табе Бог жыць вечна), не будзе прынцэсы Гэрмiёны - не будзе дзеля каго жыць, не будзе дзеля каго гiнуць. Таму я кажу: няшчаснае ўчора, горкае заўтра! Я бласлаўляю сённяшнi дзень, бласлаўляю гэтыя чароўныя хвiлiны, калi жыццё i смерць злiлiся ў адно, каб саслужыць табе апошнюю службу, каб праспяваць апошнюю песню!"