Читать «Практычны дапаможнік па руйнаваньні гарадоў» онлайн - страница 2

Бахарэвіч Альгерд

— Пакет, пакет, пакет! — Дыктатар тройчы ўдарыў кулаком па залепленай жуйкамі пад'езднай батарэі. Гэткай была дамова, і сёньня ты, чалавек-рыба, яе парушыў. Таму й вымушаны Дыктатар сядзець інкогніта ў тваім пад'ездзе, куды ты ўсё ж вернесься, чалавек-рыба, вернесься, калі жывы.

— Ну хто там усё фукае... — ужо знаёмая Дыктатару Жанчына вызірнула на пляцоўку, трымаючы перад сабой на ланцужку разьюшаныя дзьверы. Дыктатар неахвотна пакрочыў уніз, дзьверы бразнулі, ён вярнуўся да свайго мейсца ля пульта кіраваным дваром.

Можна штодня паўтараць пра сябе: „Кінуць бы ўсё ды апынуцца б на якой бязьлюднай высьпе!”, можна пачувацца канчаткова змораным ад сьвету й са зласьлівым задавальненьнем чытаць па нядзелях артыкул „Калі ў вас стрэс...”, але пры гэтым цярпець сваю працу з васьмі да пяці, лаяць у чарзе дурную касырку, абмяркоўваць з суседам апошні тэракт, з сорамам выпускаць зь сябе радасьць з нагоды дзяржаўнага сьвята ды разгадваць крыжаваны — самому быць адгаданым словам між звычных перасячэньняў будзённасьці. Але якім клапатлівым айчымам уласнае нянавісьці трэба быць, каб зьвесьці да мінімуму свае руканьні зь дзяржаваю, грамадзтвам і таму падобнымі хмарачосамі... якой самадастатковай маленькай Японіяй трэба стаць, каб пакінуць паміж сабой і другім берагам толькі хісткі вузенькі масток шырынёю з купюру ў Бадзін даляр. Зрабіць гэтак — і лічыць свой выбар адзіна прыймальным.

З чалавекам-рыбаю Дыктатар пазнаёміўся падчас працы начным вартаўніком у школе. Тады ён яшчэ ня быў гаспадаром сваёй аднапакаёвай краіны, але ўжо, седзячы ў аглухлым за дзень фае, пад мутным, нібы накачаным наркотыкамі вокам сыгналізацыі, люляў унутры сваю будучую незалежнасьць. Чалавека-рыбу ён заўважыў у чарзе па заробак. Яны стаялі чамусьці побач: будучы Дыктатар у ватніку й пажылы географ, завуч старэйшых клясаў; міма праносіліся агідныя жабкі з мэталічнымі плястынамі на зубах. Вочы ў завуча напраўду былі як у рыбіны — спалоханай і пакорлівай аматаркі смачных кручкоў. Усё ў ім выдавала наяўнасьць нейкай ганебнай таямніцы: зрэнкі, якія заўсёды шукалі сьцяну альбо падлогу, панічны страх перад камісіямі, дзіўны для настаўніка гэткага веку... Калі ж Дыктатар пачуў аднойчы гісторыю пра тое, як матэматык хадзіў праведваць захварэлага Міхаіла Арнольдавіча й той не адчыніў, хаця быў цудоўна відзен у асветленым вакне, тады стала зразумелым: завалоданьне страхам чалавека-рыбы — выдатны шанец...

Прасачыць за чалавекам-рыбаю было няцяжка. Усё аказалася вельмі проста, зусім у духу Новага Часу, рэдактар якой-небудзь „Вэрсыі” падскочыў бы ад радасьці разам з накладам. Чалавек-рыба меў не па гадох гарачае пачуцьцё да свайго вучня, і той, зьняможаны ад уласных запаленых шаснаццаці, адказваў яму ўзаемнасьцю.

Дыктатар сустрэўся з чалавекам-рыбаю на могілках, пад таполяю, была восень, вільготна варушылася зямля на сьвежых рудых узгорачках. Павукі пасля дажджу спрабавалі сушыць сваё пацямнелае павуціньне. Сьведкам іхнае дамовы быў нейкі Воршын, тысяча дзевяцьсот раз — тысяча дзевяцьсот два. Чалавек-рыба згадзіўся на дзіва хутка, толькі краем вока зазірнуўшы ў некалькі цудоўна зробленых фотаздымкаў — асабліва ўражваў адзін, дзеяньне на якім разгортвалася ў вітальні, прычым каханы чалавека-рыбы цешыў іхняе двухрукае, чатырохногае шчасьце, гледзячы ў дзьвярное вока. Без ваганьняў чалавек-рыба прыняў і суму даніны... Дыктатар атрымаў аванс, таполя скінула зь сябе зграю варонаў, іх абдала кароткім могілкавым душам. Вада нехаця пачала гуртавацца ў жалабках высахлага лісьця, што ўсыпала прымагільную лавачку. „Якая недагледжаная магіла,” — ціха сказаў чалавек-рыба. Дыктатар сунуў грошы і фотаздымкі ў кішэню ды пайшоў, не разьвітаўшыся, ля павароту ён азірнуўся: чалавек-рыба плакаў. Народу вакол тым часам паболела, але хто зьдзівіцца плачу ў такім мейсцы? Нават добрая фея, што крала на могілках кветкі ды прадавала іх на бліжэйшым міні-рынку, — і тая прайшла абыякава міма чалавека, з рыбіных вачэй якога ліліся ненармальна густыя сьлёзы.