Читать «Практычны дапаможнік па руйнаваньні гарадоў» онлайн - страница 5
Бахарэвіч Альгерд
— Шукай, географ, шукай! — хрыпеў чалавеку-рыбе ў вуха Дыктатар, трасучы малатком. Чалавек-рыба наўздагад тыцнуў пальцам у вадну зь Амэрыкаў — балюча ды няслушна.
— Ня там, рыбіна, ня там! — прахрыпеў Дыктатар ды ўдарыў чалавека-рыбу па пальцах. — Шукай!
Жоўтая пустэльня, у якую на гэты раз пагрузіўся палец Міхаіла Арнольдавіча, натуральна, не магла быць краінаю Дыктатара, які не супакойваўся: „Шукай! Направа ад Эльдарада, паміж Зоорляндыяй ды Сан-Ларэнца!”
2
Паміраючы падчас родаў, Тацяна Воршына, натуральна, зусім не ўсьведамляла, што ўваходзіць у гісторыю. Пакорліва лежачы паміж сваіх бязвольных рук, яна пакідала гэты дзіўны сьвет, які й раней ня бавіў яе раснастайнасьцю, а цяпер навогул сьцяўся да памераў маленькага белага пакою. Тупа глядзелі ў вакно мясістыя кактусы, і нечы голас паўтараў: „Нармальна... Нармальна...” Тым ня менш Выпадак ўжо тыцнуў, заплюшчыўшы вочы, сваім валасатым пальцам у патрапаны даведнік — Т. Воршына. І няшчасная Тацяна, якая ніколі ня мела мянушкі ў школе, якую пазбавілі пагонаў прыёмшчыцы тары за падман, Тацяна, міс Непрыкметнасьць, — дык вось, гэтая самая Тацяна адчула раптам, як яе ўздымае на нейкую аглушальную вышыню. Выпадак, сам скрывіўшыся ад такога няўдалага выбару, падтрымліваў яе за блакітны азадак. З вышыні яна кінула разьвітальны позірк на сваё тоўстае цела (ані жалю, ані болю), над якім схіліліся плачучая коўдра й вясёлыя дактары.
Іхняе падарожжа цягнулася нядоўга — хутка Тацяна апынулася ў ці то кінастудыі, ці то рэстарацыі: вакол сядзелі колам, за плеценымі столікамі, пажылыя, дагледжаныя дамы ды чынна аблізвалі сподачкі, у якіх курылася гарбата.
— Спадарыня Шыкльгрубэр, — прадстаўляў Выпадак кабетаў Тацяне. — Спадарыня Воршына. Спадарыня Піначэт — спадарыня Воршына. Прашу любіць. Спадарыня Джугашвілі — спадарыня Воршына. Спадарыня Піначэт. Прашу любіць. Спадарыня Мусаліні — спадарыня Воршына. Спадарыня Франка. Прашу любіць.
Тацяна нэрвова паправіла на мужчынскіх грудзёх квяцісты бальнічны халат, чым выклікала цэлы каскад рухаў: спадарыня Шыкльгрубэр разьвязала ды зноў завязала чапец; спадарыня Джугашвілі пагардліва закаціла вочы; спадарыня Піначэт фыркнула нешта кшталту „Маскітас!”; спадарыня Мусаліні паслала да столі фантан рогату. Міма пранеслася прыслужніца, зусім яшчэ юная, зь нецярплівым падносам у руках. „Давай дапамагу”, — кінулася наперарэз Тацяна, але пальцы Выпадка ўчапіліся ёй у халат, і ўжо трохі раздражнёны голас знаёма й гучна вымавіў ля вуха: „Ты нарадзіла Дыктатара, дык і паводзь, доўбня, сябе адпаведна!” Тацяна азірнулася — нябачныя туркі пілавалі ёй горла: спадарыня Мусаліні выпусціла зь сябе новы струмень сьмеху, варушыліся пакрыўджаныя вусны спадарыні Франка, і спадарыня Піначэт вязала понча.
Тацяне ўжо несьлі чорную брыклівую сукенку. Недзе ўнізе апошні раз уздыхнула яе ўскрытае цела. Ёй раптам страшэнна захацелася вязаць, і сярод зьмеева рознакаляровых нітак і звонкага дажджу са сьпіцаў, што запаланілі неглыбокую Тацяніну сьвядомасьць, яна здолела ўхапіць за хвост маленькае, сьлізкае, але адназначнае: гэтая гарбата за плеценымі столікамі — навечна.