Читать «Практычны дапаможнік па руйнаваньні гарадоў» онлайн

Бахарэвіч Альгерд

Альгерд Бахарэвіч

ПРАКТЫЧНЫ ДАПАМОЖНІК ПА РУЙНАВАНЬНІ ГАРАДОЎ

Проза 1997-2001

ПАРАЗЫТ

Я хацела бы нарадзіцца ў вадзіночнай камары — прынамсі, уся яе прастора належала бы мне адной.

Аксьціся Ай

1

„Т, Т, Т,” — казаў двор. Вецер цёрся аб размешаную там бялізну, недзе пэнсыянэры гадалі на птушыным памёце: альбо грошы, альбо госьці...

Дыктатар з вузкай лесьвічнай пляцоўкі назіраў, як крадзецца па двары вялізны касы цень. З пункту погляду гэтай зямлі быў пачатак траўня, Дыктатар меў сваё часазьлічэньне; „Дзень” — думаў Дыктатар; „разаграваўся” — лянотна працягвала сонца, „надта марудна” — сканчаю я пачаты імі сказ.

Дыктатар стаяў перад наскрозь зафарбаваным, нядыхаючым вакном ужо гадзіны з тры, адзінота яго была парушаная толькі двойчы, спачатку нечая размова, цыркулюючы вакол дызэльнага паліва, нарадзілася ў глыбіні пад'езду, усё галасьнеючы прайшла за сьпіной Дыктатара й памерла на паверсе вышэй. Затым адтуль жа па прыступках скацілася, дзынкаючы, шчанё, і пасьля гэтага яшчэ выразьней стала нерухомасьць уціснутай у неба таполі, і стрыманае пагойдваньне пад'езду.

Унізе зашморгала, затупала — Дыктатар азірнуўся. Дзяўчо, гледзячы проста на свае аранжавыя гетры, цягнула па лесьвіцы заплечнік: мур-мыр-мар-ой — сказала дзяўчо, падняўшы вочы на Дыктатара, паспрабавала ўсьміхнуцца й тут жа, нібыта заплечнік усё ж яе перамог, кінулася ўніз. Дыктатар зноў павярнуўся да вакна: дзяўчо, як балерына пераступаючы на мысках тоўстых ног, стаяла ля тэлефона-аўтамата й набірала нумар.

Цень, адкідаемы домам, дасягнуў ужо арэляў, па-футбольнаму бялеючых сярод травы... За сьпіной Дыктатара расчыніліся дзьверы, і раздражнёны голас, у якім, аднак, угадваліся яшчэ нейкія рэшткі ветлівасьці, сказаў:

— Гэй, вы, вы што тут робіце?

Дыктатар павярнуўся на голас — тут жа дзяўчо ў аранжавых гетрах праскочыла міма й шумна паднялася ў сваю кватэру, мімаходзь кінуўшы на яго хаця й баязьлівы, але зацікаўлены позірк.

— Вы, вы!

Зь цяжкасьцю выгінаючы ў словы той непаслухмяны плястылін, які стыў у яго галаве, Дыктатар усё ж здолеў выдыхнуць:

— Чакаю... чакаю Міхаіла Арнольдавіча...

— Міхаіла Арнольдавіча? — голас крыху палагаднеў. — Ну дык і чакалі б сабе на двары, а то дзяцей палохаеце...

Дзьверы зачыніліся, Дыктатар павольна прыхінуўся да вакна. Каўнер курткі, якая й фасонам, і колерам вяртала ў канец слаўных сямідзесятых, чарговы раз апусьціўся на плечы. Дыктатар падняў яго — каўнер зноў упаў.

Міхаіл Арнольдавіч быў жаданай, чаканай істотай, гэткай жа патрэбнай Дыктатару, як і ненавіснай у гэты момант. Міхаіл Арнольдавіч, пракляты чалавек-рыба (толькі б ня здарылася зь ім нічога, толькі б не захварэў ён, не памёр, ня трапіў куды ня трэба за свае нявінныя забавы) — падмануў, зьнік, не прыйшоў. Міхаіл Арнольдавіч, які быў для Дыктатара адным — Грашыма. Здароўя табе, чалавек-рыба, моцы ды кар'ерных павышэньняў, бо ты мусіш раз на месяц прыходзіць на пэўную вуліцу ў пэўны час і перадаваць Дыктатару белы, туга перавязаны.

— Пакет, пакет, пакет! — Дыктатар тройчы ўдарыў кулаком па залепленай жуйкамі пад'езднай батарэі. Гэткай была дамова, і сёньня ты, чалавек-рыба, яе парушыў. Таму й вымушаны Дыктатар сядзець інкогніта ў тваім пад'ездзе, куды ты ўсё ж вернесься, чалавек-рыба, вернесься, калі жывы.