Читать «Драўляны Дзядок i кабета Iнсекта (на белорусском языке)» онлайн - страница 6

Ян Борщевский

Сонца схавалася за горы, ужо вечар, дарогу ахутаў шэры змрок, конь увесь у пене, iшоў ужо цiхай ступою. Хапацкi думаў пра тое, каб трапiць у вёску, пераначаваць там i дапытацца дарогi. Тут знячэўку чорная хмара пакрыла неба, ноч зрабiлася такая цёмная, што на крок перад сабою нiчога не ўгледзiш, да таго ж i дождж лiнуў; нешчаслiвы вандроўнiк не ведаў, што чынiць, ды тут пры святле блiскавiцы ўбачыў каля дарогi маленькую будову. Былi гэта могiлкi, i здаўна там стаяла драўляная каплiчка. Хапацкi зварочвае з дарогi, каб схавацца ад навальнiцы. У цiхiм месцы за сцяною паставiў каня, сам заходзiць у каплiчку i чакае ў куце, пакуль прамiне гэтая бура. Пасля дастаў з кiшэнi табакерку i толькi адчынiў яе, як у святле нечаканае блiскавiцы ўбачыў над табакеркаю нейкую вялiзную сухую руку, што ўжо была гатовая ўзяць шчопаць тытуню. Перапалохаўся пан, выпусцiў з рук табакерку, выбег за дзверы i, не зважаючы на дождж i вецер, бяжыць у поле, сам не ведаючы куды. Шчасце, што ў хуткiм часе разышлiся тыя хмары, i ён на ўсходзе ўбачыў дзяннiцу i непадалёку на пагорку вёску, паспяшаўся туды, сустрэў сялян, што iшлi з косамi на луг. Ад iх даведаўся, што ён паблiзу Вiцебска, некалькi дзесяткаў вёрст ад свайго дому. У гурце касцоў прыйшоў на могiлкi, знайшоў каня i брычку на месцы, а табакерку ў каплiчцы на зямлi, аднак Дзядка там не было, i пан не памятаў, дзе i якiм чынам яго згубiў; праз колькi дзён пан Хапацкi вярнуўся дахаты i з таго часу вельмi добра запомнiў, што ёсць рэчы незразумелыя i яму, хоць ён ведаў не менш за Сакрата.

Амаль год пра Дзядка хадзiлi дзiўныя весткi; казалi, што нейкi пiлiгрым, носячы яго ў руках, з'яўляўся ў некаторых вёсках, вучыў люд дабрачыннасцi, нагадваў iм, каб яны шанавалi даўнiя звычаi i традыцыi сваiх продкаў, каб не адступалi ад праўдзiвае веры. Слухмяных i пабожных людзей ён бласлаўляў, ад разбэшчаных i адступнiкаў уцякаў.

Iншыя расказвалi, што перад заходам сонца была аднаго разу дзiўная праява, бачылi яе пастухi i аратыя. Нейкая прыгожая кабета ў белых строях, падобная да анёла, вянкамi цудоўных кветак упрыгожвала на лузе галаву таму Дзядку, i калi цiкаўныя людзi захацелi падысцi блiжэй, дык тая кабета, як бы дух якi, аддалялася ад iх - нi равы, нi густыя хмызы ёй не замiналi, узышла на возера i, нiбы белы воблак, узнялася над чыстай вадою i знiкла. Шмат такiх дзiвосаў расказвалi.

Цяпер раскажу, якiм чынам пасля доўгае i дзiўнае вандроўкi гэты Драўляны Дзядок трапiў нарэшце да мяне. Ведаеш добра нашу Беларусь, дарагi госцю, пры любых няўродах адзiн толькi лён найчасцей можа задаволiць нашы патрэбы, калi Пан Бог бласлаўляе наша поле. У пазамiнулым годзе было ў мяне шмат гэтага тавару, у нас яго набываюць купцы, а пасля, сабраўшыся з цэлае Беларусi, вязуць Дзвiною на караблях у Рыгу. Дык я з гэтым iнтэрасам прыехаў да купца, каб збыць яму свой тавар. У яго пабачыў вялiкi беспарадак, ягоная жонка Яўхiмiя ад вялiкага пярэпалаху i гневу ледзь дом не растрасла, наракаючы на свайго мужа: прывёз зачараванае страшыдла, якое заўсёды не дае ёй спакою. Купец толькi гадзiну назад вярнуўся дадому i, апраўдваючыся, прысягаў ёй, што ён зусiм у гэтым не вiнаваты. Ледзь гэты бунт я ўтаймаваў. Пасля спытаўся ў купца аб прычыне такой жончынай трывогi. Ён мне паведамiў, што галава мысляра Сакрата немаведама як з'явiлася ёй перад вакном i цяпер ляжыць за сцяною. Вывеў мяне з дому, каб паказаць таго Дзядка, i прасiў мяне, каб я абавязкова забраў яго; я паклаў яго ў карэту, пагаварыў з купцом пра лён i вярнуўся дахаты.