Читать «Драўляны Дзядок i кабета Iнсекта (на белорусском языке)» онлайн - страница 4

Ян Борщевский

Разнеслася вестка пра такую праяву па ўсёй ваколiцы. Карчмар Усвойскi, што жыў за пяць вёрст ад купца, чуючы такiя апавяданнi пра Драўлянага Дзядка, не даваў iм веры. Праслужыўшы гадоў пятнаццаць лёкаем у двары пана Н., ён прачытаў некалькi раманаў, перакладзеных з французскае мовы, i ўжо ўсе незвычайныя здарэннi былi яму зразумелыя, цуды i чары ён называў глупствам. Аднак жа, захацеўшы ўбачыць Драўлянага Дзядка, прыехаў да купца, пайшлi яны ў адрыну, знайшлi тую галаву, што валялася ў цёмным куце; паверхня яе пачала ўжо плеснець ад вiльгацi, гаспадар даводзiў яму, што гэта галава Сакрата, якi гаварыў свету праўду i якога ненавiдзела жонка. Усвойскi даў веры, бо i сам няраз чуў, як расказвалi пра гэтага славутага грэцкага фiлосафа; i прасiў купца, каб аддаў яму Дзядка, абяцаючы аддзячыць гарэлкаю або чым iншым; купец на гэта згадзiўся, бо ведаў, што яго жонка нiколi з галавою нешчаслiвага мудраца не змiрыцца.

Усвойскi прывёз яго ў сваю карчму, паставiў у куце на лаве за доўгiм сталом i кожнаму, хто прыходзiў да яго выпiць кiлiшак гарэлкi, з гордасцю паказваў Драўлянага Дзядка, даводзячы, што з твару ён зусiм падобны да даўнейшага мысляра Сакрата, якi пакутаваў i памёр за праўду.

Мiнула некалькi тыдняў. У святы дзень сабралася ў карчме шмат земляробаў i лёкаяў з маёнтка пана Н. Пасля захаду сонца, ужо ў змроку, п'яным парабкам заманулася пасваволiць i пажартаваць з Усвойскага. Дык калi карчмар на нейкi час выйшаў з хаты, яны ўзялi таго Дзядка, прасвiдравалi зверху ў дзвюх мясцiнах галаву, налiлi туды вады i пракалолi вочы шылам; вадзяныя кроплi, не раўнуючы, як слёзы, беглi па твары, i заплаканага Дзядка зноў паставiлi ў куце за сталом. Ледзь Усвойскi зайшоў у карчму, яны паказваюць на Дзядка:

- Глядзi, твой Сакрат плача, вiдаць, не даеш яму гарэлкi або пакрыўдзiў чым iншым.

Калi карчмар, дзiвуючыся, пазiраў на Дзядка, на панадворку сабакi, падняўшы морды, пачалi выць, рыкала жывёла ў аборы, куры, злятаючы з курасаднi, неспакойна, з крыкам бегалi па зямлi, вецер шумеў ля карчмы, усiх апанавала вялiкая трывога, працверазелi ўсе i малiлiся, аж пакуль гэта не супакоiлася. Я чуў таксама, што, калi гэтыя свавольнiкi вярнулiся ў двор, пан невядома з якое прычыны быў раз'юшаны i загадаў за тое, што доўга бавiлiся ў карчме, пакараць iх розгамi.