Читать «Драўляны Дзядок i кабета Iнсекта (на белорусском языке)» онлайн - страница 11

Ян Борщевский

Думаючы пра гэта, я не заўважыў, як прамень ранiшняга сонца зазiрнуў у вакно. Пачуўся голас гаспадара. Ён падняўся раней усiх i даваў парабкам загады на дзень.

Спеў пастуха ўжо адзываўся з пашы. Прачнуўся пан Ротмiстар; калi мы апраналiся i ён думаў пра дом, а я - пра далейшае падарожжа, зайшоў пан Зямельскi, павiтаўся i загаварыў да мяне:

- Чаму ты так рана ўстаеш? Iсцi такую дарогу - цяжкая праца, трэба добра адпачыць. Вiдаць, думаеш, што я дазволю развiтацца з намi сёння? Пагасцюеш у мяне колькi дзён, бо калi ад'едзеш далёка на поўнач, Бог ведае, цi ўбачымся, хiба толькi на тым свеце. I пана Ротмiстара прашу застацца на сёння з намi, бо ёсць у яго доме каму кiраваць гаспадаркаю.

Я паслухаўся гаспадара, i пан Ротмiстар пагадзiўся з iм.

Галасы дзяцей, што ўжо прачнулiся, даляталi з другога пакоя; абазвалася гiтара, пачуўся цудоўны мiлагучны спеў. Гэта быў голас Анэлi. Яна кожнае ранiцы, як анёл, што вiтае новы дзень, усхваляла Божую ўсемагутнасць i спявала пад гiтару:

Калi ўзыходзiць дзяннiца,

Усе да Цябе павяртаюць лiкi,

Спявае кожная iстота:

Слаўся, Божа вялiкi![9]

Думка мая разам з гэтай суладнасцю адляцела да неба, i ў тую ранiцу я малiўся са слязьмi на вачах.

Неўзабаве ўся сям'я сабралася разам. Паснедаўшы, мы ўсе выйшлi ў поле; пан Зямельскi завёў нас у густы гай, дзе ля кожнага дрэва было вiдаць дбайнага гаспадара, i гэты лес быў падобны да пекнага саду. Пан распавядаў нам, што некалi тут была пустэча, але ягонаю рупнасцю праз колькi гадоў зашумеў тут гэты гай. I там i тут мiж зараснiкаў асушаныя лугавiны з сакаўной высокаю травою i размаiтымi духмянымi кветкамi. Старэйшы сын пана Зямельскага, прыпамiнаючы ўчарашняе апавяданне пра кабету Iнсекту, паказваў пану Ротмiстару злоўленую жамярыцу, пытаючыся, цi такая была кабета Iнсекта. Iншыя дзецi збiралi лепшыя кветкi i аддавалi iх Анэлi, а тая аздабляла дзiцячыя галоўкi вянкамi.

Няспешна шпацыруючы i адпачываючы часам ў засенi густое бярэзiны, мы бавiлi час у прыемных размовах. Пасля полудня таксама аглядалi гаспадрку, аж пакуль сонца не схiлiлася да захаду, не ўпала раса на травы i парабкi з косамi i граблямi не вярнулiся з сенажацi.

Увечары, калi ўся сям'я зноў сабралася разам, гаспадар запытаўся ў пана Ротмiстара, цi не памятае ён якую-небудзь старую аповесць, цi, можа, чуў яшчэ што з апавяданняў пра Драўлянага Дзядка.

- Калi быў яшчэ студэнтам у Полацку, - сказаў пан Ротмiстар, - я любiў слухаць апавяданнi. Гаспадар мае кватэры доўга служыў пры кляштары езуiтаў. Ён часта расказваў незвычайныя гiсторыi, якiя сам чуў ад iншых. Гэта былi прароцтвы Драўлянага Дзядка асобным шкалярам. Некалькi тых апавяданняў я i цяпер яшчэ памятаю.

ШКАЛЯР ЛЮЦЭФУГА

Некалi ў Полацку быў надзвычай лянiвы да вучобы шкаляр. Ён часта ўцякаў з калегii, цягаўся па розных краях, няраз, зазнаўшы голад i холад, пасля доўгае вандроўкi мусiў вяртацца ў бацькоўскi дом. Хоць i ведаў, што за такiя ўчынкi будзе пакараны i зноў трапiць пад нагляд настаўнiкаў, але ўцякаў пры кожным зручным выпадку.