Читать «Раскіданае гняздо» онлайн - страница 13

Янка Купала

Сымон. Прыйшла-такі нанач! Што ж гэта табе зрабілася?

Зоська. Чаму ты так гаворыш, братка? Ці ж я калі-небудзь начавала дзе іначай, апрача свае хаткі, або цяпер не начую кожную ноч на гэтым ламацці?

Сымон. А заўчора дзе ўсю ноч прападала? Ду-маеш, не ведаю!

Зоська. Нічога ты, браток, не ведаеш, ох, як нічога! Мне так сумна i страшна зрабілася, што гэта ляжаў тут непадалёк непахаваны і такі жудасны з гэтай вяроўкай на шыі, што я не выцерпела i, як учадзеўшы, у поле пабегла. I нідзе не начавала, нідзе, усю ночку па полі блудзіла. Нічога благога не рабіла, каб я так шчасцейка свайго не аглядала!

Марыля. Не кляніся, дачушка! Нашто?.. Не трэба!

Сымон. А чаму сягоння ў пару не прыйшла з магілак? Чаму?

Зоська. Сягоння?.. з магілак?.. Так сабе! Зайшлася на мінутку да цёткі, што служыць з дзядзькам у дварэ. Такая нейкая нуда ў дарозе агарнула, што не магла стрымацца i зайшлася... Дык вось нам яна — цётка — пазычыла трохі сала i хлеба. Кажа: «У вас сягоння памінкі па тату, дык хоць павячэраеце на здаровейка». (Дастае прынесенае i aддae матцы.) У цёткі пазычыла... Не хацелася мне спачатку браць, але пасля так шкода вас усіх зрабілася, што ўзяла і пазычыла...

Сымон. Ведаю, у якой цёткі была ты з пазыкай, ведаю! Але чым ты аддаваць будзеш гэта пазычанае? Трэба ж — яшчэ выдумала цётку нейкую? Сказала б ужо проста, што была ў дзядзькі, у маладзенькага ды прыгожанькага, папраўдзе ласага да ўсялякіх пазык. Як табе не грэх i не стыдна? Яшчэ над бацькавай дамавінай пясок не завяў, а дачка пабягушкамі займаецца. Забылася, што ён, нябожчык, казаў табе перад апошняй сваей мінутай. Я прыпомню, калі маеш такую кароткую памяць. Бацька казаў: «Не паніжайся перад дужым дачаснікам, бо ён табе за тваё паніжэнне перад ім вочы заплюе паскуднай слінай, а душу i сэрца тваё змяшае з балотам атопкаў сваіх!» Забылася гэтых слоў, не дачакаўшыся першага маладзіка, пасля сканання таго, хто іх табе сказаў. Эх, Зоська! Зоська! (Шыбка выходзіць. Зоська садзіцца, закрыўшы вочы рукамі.)

З'ява IV

Марыля, Зоська, Данілка, дзеці.

Данілка. I што тэты Сымон думае з сваей рызы-кай? Ужо аж мяне пачынае злосць на яго разбіраць. Нацяпаў-нацяпаў языком, а каб хто папытаўся — на-што? Вярхнік толькі мой да скрыпкі сапсаваўся, і выйшла з яго ні богу свечка ні чорту качарга. Пойдзем, малыя, шукаць новай дошчачкі! (Забірае Аленку і Юрку і выходзіць.)

З'ява V

Марыля, Зоська.

Марыля (як бы сама да сябе). Такое было з яго мілае дзіцянётка. Ведама — панскае, што i казаць... Любіла яго, усе роўна як свае роднае... Тады ўжо, пры грудзях, панічоўская кроў іграла ў целе яго вутленькім... Чуць толькі стаў ручкі ў кулачок складваць, шчыпецца, бывала, моцна шчыпецца. А як сталі зубкі выразацца — кусаўся; як угрызе, то аж кроў выскачыць з грудзей. Маленькі яшчэ — а такі ўжо дасціпны быў. I ці даўно было гэта, здаецца, як пры мне качауся, а цяпер глядзі — хоць куды мужчына! (Да Зоські.) Ці праўда, Зоська, што Сымон казаў? Ці праўда, што ты да яго ў двор...