Читать «Выкраданне Чарадзея (на белорусском языке)» онлайн - страница 35
Кир Булычев
- Хiтруеш. Ды бог з табою. Толькi не ўздумай бегчы. I чарадзейства не дапаможа. Яцвягаў за табою пашлю.
- Не пагражай, - сказаў Раман. - Мне пара iсцi.
- Ты куды? Поп не закончыў.
- Я Акiплешу на торг пасылаў. Чакае ён мяне. Працаваць трэба.
- Ну iдзi, толькi непрыкметна.
Раман павярнуўся i стаў асцярожна працiскацца назад. Князь паглядзеў услед. Ён усмiхнуўся, але ўсмешка была нядобрая. Раман знiк у змроку.
Кiн вывеў шар з сабора, i той завiс над цвiнтаром, дзе чакалi канца службы, курчылiся пад змрочным мокрым небам калекi i жабракi. Раман хутка выйшаў з прачыненых дзвярэй. Паглядзеў на плошчу. Там кульгаў блазан, прыцiскаючы да грудзей глiняную мiску i ружовы абпалены гаршчок.
- Цябе па смерць пасылаць, - сказаў Раман.
- Не бi мяне, дзядзечка, - заверашчаў блазан, выскаляючыся. - Госцi пазачынялi лаўкi - ворага чакаюць, прыйдзе немец, зноў гандляваць пачнуць. Што госцю? Мы на вiселiцу, а ён - весялiцца.
Раман шпарка пайшоў цераз плошчу. Блазан за iм, пакульгваючы, горбячыся. Мiнулi калодзеж, конавязь, павярнулi ў вузкi, дваiм не размiнуцца, завулак. У канцы яго, каля вала, у плоце былi нiзкiя вароты. Раман пастукаў тры разы кулаком. Адкрылася вочка. Потым павольна расчынiлiся дзверы. Там стаяў стражнiк у кароткай кальчузе, скураной шапцы i доўгiх портках. Ён адступiў убок, прапускаючы Рамана. Цесны двор, зарослы травою, некалькi валуноў, якiя ляжалi вакол выпаленай ямы... Раман на драўляных мастках перасек двор, падняўся на ганак прыземiстага дома з бярвенняў на падмурку. Адчынiў дзверы, тузануў за колца, якое было ўстаўлена льву ў мызу.
У святлiцы Раман шпурнуў плашч у рукi прыгожаму чарнаброваму хлопцу, якi падбег да яго.
- Ты чаго чакаеш? - спытаўся ён у блазна. Блазан паставiў на падлогу мiску, узяўся за клямку ў падлозе, пацягнуў на сябе века люка, адчынiўся лаз у падвал. Раман спусцiўся першы. За iм блазан i чарнабровы хлопец.
Сутарэнне было прасторнае, асвятлялася з акенцаў пад самаю столлю. На палiчках стаялi запаленыя каганцы з тлушчам. Агеньчыкi адлюстроўвалiся ад рэтортаў, слаёў з мутнага, грубага шкла, ад глiняных мiсак, медных сасудаў, злучаных металiчнымi i шклянымi трубкамi... У нiзкай з вялiкай пашчай печы гарэў агонь, каля яе стаяў голы да пояса жылiсты мужчына ў скураным фартуху. Пачуўшы крокi, ён аглянуўся.
- Студзi патроху, - сказаў Раман, зазiрнуўшы ў печ.
Блазан зiрнуў у печ з-пад локця чарадзея i сказаў:
- Даўно пара студзiць.
- Ведаем, - сказаў мужчына. У яго былi доўгiя вусы, чорныя, блiзка пасаджаныя вочы. Рэдкiя валасы спадалi на лоб, i ён увесь час адгортваў iх за вушы.
- Хутка ордэн на штурм пойдзе, - сказаў Раман.
- Астудзiць не паспеем, - адказаў той. - А шкада.
- Студзi, - сказаў Раман. - Невядома, як лёс паверне. У мяне няма сiлы каторы раз усё збiраць i будаваць.
- А ты, дзядзечка, епiскапу ў ногi пакланiся, - сказаў блазан. - Абяцай лёс даведацца, золата здабыць. Ён i пашкадуе.
- Нiкчэмнасць i ўбоства думкi, - сказаў Раман.
- Па-мойму, што ўбоства думкi, што яе празмернасць - усё бязглуздзiца, розумам чынiць - розуму не трэба, - сказаў блазан. Падышоў да доўгага стала, пералiў з адной шклянкi ў другую - пайшоў едкi дым.