Читать «Выкраданне Чарадзея (на белорусском языке)» онлайн - страница 24

Кир Булычев

- Адчынiце вароты! - закрычала Ганна.

Жуль здрыгануўся.

Яшчэ адзiн рыцар упаў, спрабуючы вырваць з грудзей стралу, i, як бы паслухаўшыся Ганну, вароты пачалi павольна расчыняцца. Але пастуху было ўсё роўна, бо ён зноў павалiўся каля варотаў, i, дагнаўшы яго, кнехт усадзiў яму ў спiну баявую сякеру i тут жа сам рухнуў побач, таму што хiба з пяць стрэлаў працялi яго, прыкалоўшы да зямлi, як жука.

У расчыненых варотах узнiкла iмгненная таўкатня - лёгкiя коннiкi ў чорных портках, фастрыгаваных куртках i чырвоных каўпаках з шаблямi ў руках замiналi адзiн аднаму, спяшаючыся выехаць.

- Ну вось, - сказала Ганна, - маглi бы на дзве хвiлiны выскачыць раней. Статак жа яны вернуць, а пастухоў ужо забiлi.

Пастух ляжаў нiцма ў лужыне крывi, якая хутка цямнела, i конi пераскоквалi цераз яго. Услед за яцвягамi, толькi марудней, выехалi яшчэ некалькi воiнаў, на якiх былi кальчугi са стальнымi пласцiнамi на грудзях i канiчныя жалезныя шлемы з прываранымi спераду стальнымi палосамi, якiя прыкрывалi нос. Ганна адразу пазнала сярод коннiкаў рыжага прыгажуна.

- Глядзiце, - сказала яна. - Калi ён зараз загiне... Кiн скiраваў шар унiз, блiжэй да коннiкаў. Чамусьцi, калi з варотаў выскачылi яцвягi, Ганна вырашыла, што абаронцы крэпасцi ўжо перамаглi. Мабыць, таму, што не магла пазбавiцца ад падсвядомай упэўненасцi, што глядзiць кiно. А ў кiно пасля шэрага драматычных цi нават трагiчных падзей абавязкава з'яўляюцца нашыя на тачанках або на танках. Пасля гэтага вораг, залiзваючы раны, адкочваецца ў сваё логава.

Статак у гэты момант аддалiўся ад сцен. Тыя ратнiкi, што не сталi гнацца за пастухом, умела накiроўвалi яго да ручая, азiраючыся на крэпасць, - ведалi, што русiны аддаваць статак не захочуць. Насустрач iм да ручая спускалiся рыцары.

Яцвягi, нiбы не адчуваючы небяспекi, закруцiлiся вакол напалоханых кароў, бiлiся з загоншчыкамi, i калi на iх напалi цяжка ўзброеныя рыцары, адразу лёгка i неяк весела адышлi назад да крэпасцi, насустрач дружыннiкам. Немцы гналiся за iмi, i Ганна зразумела, што статак страчаны.

Але рыжы воiн i дружыннiкi меркавалi iнакш. Захоплiваючы сустрэчных яцвягаў, як магнiт захоплiвае металiчнае пiлавiнне, яны скацiлiся да рыцарскага атрада i злiлiся з мечаносцамi ў густую шчыльную масу.

- Калi б статка не было, - заўважыў раптам Кiн, вяртаючы Ганну ў змрок пакоя, - рыцарам трэба было яго прыдумаць.

На гэты момант Ганна не бачыла сэнсу бою, яго логiкi - быццам яе ўвагi хапiла толькi на асобныя фрагменты, бляск мяча, разяўлены ад болю рот коннiка, раздзьмутыя ноздры каня... Рыжы прыгажун узнiмаў меч дзвюма рукамi, нiбы калоў дровы, i Ганне былi вiдаць iскры ад удару аб трохвугольны белы з чырвоным крыжам шчыт магутнага рыцара ў белым плашчы. Ганна ўбачыла канец дзiды, якая ўдарыла рыжага ў бок, i ён пачаў павольна, не выпускаючы мяча, валiцца з каня.

- Ой! - Ганна прыўстала: яшчэ iмгненне - i рыжы загiне.