Читать «Выкраданне Чарадзея (на белорусском языке)» онлайн - страница 22

Кир Булычев

Раптам у натоўпе заварушылiся. Быццам на людзей напiралi ззаду ўладальнiкi бiлетаў на занятыя ў першым радзе месцы. Натоўп неахвотна раздаўся.

Паказалiся два воiны, першыя сапраўдныя воiны, якiх убачыла Ганна. Яны, праўда, не дужа адпавядалi звыкламу аблiччу дружыннiкаў з падручнiка. На iх былi чорныя плашчы, якiя прыкрывалi цьмяна блiскучыя кальчугi, i высокiя чырвоныя каўпакi, аблямаваныя бурым футрам. Воiны былi смуглыя, чарнавокiя, з доўгiмi абвiслымi вусамi. У руках трымалi кароткiя дзiды.

- Хто гэта такiя? - прашаптала Ганна, нiбыта баючыся, што яны яе пачуюць.

- Полаўцы, - сказаў Жуль. - Або берандзеi.

- Не, - запярэчыў Кiн. - Я думаю, што яцвягi.

- Самi не ведаеце, - сказала Ганна. - Дарэчы, Берандзей - асоба не гiстарычная, гэта казачны цар.

- Берандзеi - народ, - сказаў Жуль строга. - Гэта праходзяць ушколе.

Спрэчка тут жа зацiхла, бо яцвягi вызвалiлi месца для знатных гледачоў. А знатныя гледачы выклiкалi асаблiвую цiкавасць.

Спачатку да поручняў выйшла пажылая панi, велiчная на выгляд, у сiняй сукенцы, белай хустцы, з белым, моцна напудраным тварам. Над вачыма былi груба нафарбаваныя высокiя бровы, на шчоках, нiбы бураком, намаляваныя круглыя плямы. Каля яе з'явiўся мужчына сярэднiх гадоў з доўгiм, сумным, але разумным тварам. Ён быў багата адзеты. На зялёны кафтан накiнуты кароткi сiнi плашч-карзно з залатым шлякам i спражкай з золата на левым плечуку ў выглядзе львiнай мызы. На галаве ў яго сядзела насунутая на лоб невысокая шапка з футра, хоць было зусiм не холадна. Ганна вырашыла, што гэта i ёсць князь. Памiж iмi праслiзнуў нейкi дзiўны хлапчук з сярдзiтым, знявечаным тварам. Ён паклаў падбародак на поручнi. У хлапчука на правым воку было бяльмо i на адной руцэ, якой ён учапiўся за брус, не хапала двух пальцаў.

Потым з'явiлiся яшчэ двое. Гэтыя Ганне спадабалiся.

Яны ўвайшлi адначасова i спынiлiся за спiнамi велiчнай панi i князя, але паколькi абое былi высокiя, то Ганна магла iх разгледзець. Мужчына быў параўнальна малады, гадоў трыццацi. Ён быў вельмi прывабны на выгляд, зразумела, калi вы не маеце нiчога супраць вогненна-рыжых прыгажуноў з белым, трошкi пакрэпленым вяснушкамi тварам i зялёнымi вачыма. З-пад чырвонага плашча вiднелася кальчуга. Ганне надта захацелася, каб прыгажуна звалi Раманам, пра гэта яна тут жа сказала Кiну, але той толькi хмыкнуў i сказаў штосьцi аб вынiках эмацыянальнага падыходу да гiсторыi. Поруч з зеленавокiм прыгажуном стаяла дзяўчына, кагосьцi нагадваючы Ганне. Дзяўчына была высокая... зграбная - усё ў яе мела тонкi, гатычны выгляд. Пукаты чысты лоб перасякала павязка, упрыгожаная залатым абручом, такая самая бiрузовая хустка шчыльна аблягала галаву i звiсала на шыю. Тонкiмi пальцамi яна прытрымлiвала свабодны шырокi плашч, быццам ёй было зябка. Рыжы прыгажун гаварыў ёй штосьцi, але дзяўчына не адказвала, яна глядзела на поле перад крэпасцю.