Читать «Выкраданне Чарадзея (на белорусском языке)» онлайн - страница 25

Кир Булычев

Штосьцi чорнае мiльганула побач, i рыцар ударыў па чорным кафтане яцвяга, якi закрываў сабою вiцязя, а той, прыгнуўшыся да высокай лукi сядла, скакаў у накiрунку крэпасцi.

- Усё, - сказаў Жуль, - праверка апаратуры. Перапынак.

- Добра, - пагадзiўся Кiн. - А нам варта асэнсаваць убачанае.

Шар пачаў тухнуць. Кiн выпрастаў рукi. Стомлена, нiбы сам змагаўся на беразе ручая, зняў пальчаткi i кiнуў на ложак. Апошняе, што паказаў шар, гэта былi вароты, якiя зачынялiся, i каля iх ляжалi пастух i яго забойца, ляжалi побач, мiрна, быццам вырашылi адпачыць на зялёным схiле пагорка.

12

У пакоi было душна. Квадрацiк акенца пачарнеў. Ганна паднялася з табурэцiка.

- I нiхто не прыйдзе iм на дапамогу? - спыталася яна.

- Русiнскiм князям не да маленькага Замошша. Русь раздробленая, кожны сам за сябе. Нават полацкi князь, якому фармальна падпарадкоўваецца гэтая зямля, i той вельмi заняты сваiмi праблемамi.

Кiн адкрыў з боку шара шасцiкантовую адтулiну i засунуў руку ў яго чэрава, якое мiгцела зялёным святлом.

- Гэта быў дзiўны свет, - сказаў ён. - Няўстойлiвы, але па-свойму гарманiчны. Тут жылi жамойты, леты, самагiты, эсты, русiны, лiвы, яцвягi, семiгалы... Некаторыя з iх даўно знiклi, а некаторыя жывуць тут i да гэтага часу. Русiнскiя князi па Даўгаве - Заходняй Дзвiне збiралi данiну з навакольных плямёнаў, ваявалi з iмi, часта раднiлiся з жамойтамi i лiвамi... I невядома, як бы склаўся далейшы лёс Прыбалтыкi, калi б тут, у вусцi Даўгавы, не высадзiлiся нямецкiя мiсiянеры, за якiмi прыйшлi рыцары. У 1201 годзе энергiчны епiскап Альберт заснаваў горад Рыгу, узнiк ордэн святой Марыi, або мечаносцаў, што планамерна заваёўваў плямёны i народы, хрысцiў паганцаў - хто не хацеў хрысцiцца, гiнуў, хто згаджаўся, станавiўся рабом. Усе вельмi проста...

- А русiнскiя гарады?

- А русiнскiя гарады - Кукейнас, Герсiке, Замошша, потым Юр'еў - адзiн за адным былi ўзяты немцамi. Яны не змаглi аб'яднацца. Толькi лiтоўцы ўстаялi. Менавiта ў гэтыя гады яны стварылi адзiную дзяржаву. А праз некалькi гадоў на Русi з'явiлiся манголы. Раздробленасць яе аказалася пагiбельнай.

Кiн выняў з шара жменю шарыкаў памерам з валоскi арэх.

- Хадзем у вялiкi пакой, - сказаў ён. - Мы тут замiнаем Жулю. Да таго ж паветра на траiх не хапае.

У вялiкiм пакоi было халадней i прасторней. Ганна зашмаргнула выцвiлыя фiранкi. Кiн запалiў сваю лямпу. Жменя шарыкаў раскацiлася па абрусе.

- Вось i нашыя падазроныя, - сказаў Кiн. Ён падняў першы шарык, крыху сцiснуў яго пальцамi, шарык луснуў i разгарнуўся ў гладкую пругкую пласцiнку - партрэт пажылой панi з набеленым тварам i чорнымi бровамi.

- Хто ж яна? - спытаўся Кiн, кладучы партрэт на стол.

- Княгiня, - хуценька вымавiла Ганна.

- Не спяшайцеся, - усмiхнуўся Кiн. - Няма нiчога больш небяспечнага ў гiсторыi, чым вiдавочныя хады. Кiн адклаў убок партрэт i ўзяў другi шарык. Шарык ператварыўся ў выяву даўгатварага чалавека са сцятымi капрызнымi губамi i вельмi разумнымi стомленымi вачыма пад высокiм, з залысiнамi, iлбом.

- Я б сказала, што гэта князь, - у адказ на запытальны позiрк Кiна вымавiла Ганна.