Читать «Выкраданне Чарадзея (на белорусском языке)» онлайн - страница 21

Кир Булычев

- Паглядзiце, а вось i рыцар, - сказаў Кiн, скiраваўшы шар на адзiн з шатроў. На брудным вынашаным палатне шатра былi нашытыя чырвоныя мячы з матэрыi. З шатра выйшаў чалавек, адзеты ў грубы свiтэр да каленяў. Вязаная шапка шчыльна аблягала галаву, пакiдаючы адкрытым авал твару, i спадала на плечы. На нагах - вязаныя панчохi. Свiтэр быў падпяразаны чорнаю папругаю, на якой вiсеў доўгi прамы меч у скураных ножнах.

- Горача яму, напэўна, - сказала Ганна i ўжо зразумела, што рыцар не ў свiтэры - гэта кальчуга, мелкая кальчуга. Рыцар узняў руку ў кальчужнай пальчатцы, i каля вогнiшча ўстаў барадаты мужык у скураной куртцы, кароткай спаднiцы i ў лапцях, прымацаваных паскамi да лытак. Ён не спяшаючыся падышоў да конавязi i пачаў адвязваць каня.

- Пайшлi ў горад? - спытаўся Жуль.

- Пайшлi, - сказаў Кiн. - Ганна расчаравана. Рыцары павiнны быць з пёрамi, у блiскучых латах...

- Не ведаю, - сказала Ганна. - Усё тут не гэтак.

- Калi б мы прыйшлi на гадоў дзвесце пазней, то вы б усё пабачылi. Росквiт рыцарства яшчэ наперадзе.

Шар узнiмаўся па-над схiлам, праляцеў непадалёку ад асаднай вежы, каля якой капашылiся людзi ў паўкруглых шлемах i скураных куртках.

- У атрадзе, па маiх падлiках, - сказаў Кiн, - каля дзесятка божых братоў, з паўсотнi прыслугi i сотнi чатыры нямецкiх ратнiкаў.

- Чатырыста дваццаць. А там, за хвойнiкам, - сказаў Жуль, - саюзны атрад. Па-мойму, леты. Каля ста пяцiдзесяцi.

- Дзесяць братоў? - спыталася Ганна.

- Божы брат - гэта паўнапраўны рыцар, рэдкая птушка. У кожнага свой атрад.

Шар узняўся ўверх, праляцеў над шырокiм неглыбокiм ровам, у якiм не было вады. Дарога перапынялася каля рова, а мост цераз яго быў разабраны. Але, вiдаць, яго не паспелi вынесцi - некалькi бярвенняў ляжала каля вала. На вале, парослым травою, высiлася сцяна з тарчма пастаўленых бярвенняў. Дзве высокiя вежы з пляцоўкамi наверсе ўзвышалiся з абодвух бакоў абабiтых жалезнымi палосамi варотаў, якiя былi зачыненыя. На пляцоўках стаялi людзi.

Шар падняўся на вышыню пляцоўкi i завiс. Потым павольна пачаў рухацца ўздоўж пляцовак. I Ганна магла зблiзку разгледзець людзей, якiя жылi ў яе краях семсот гадоў назад.

10

На вежавай пляцоўцы таксама ўсё было няправiльна. Там павiнны былi стаяць суровыя воiны ў высокiх русiнскiх шлемах, iх чырвоныя шчыты павiнны былi грозна зiхацець на сонцы. А на самой справе публiка на вежах Замошша вяла сябе так, як на стадыёне. Людзi не жадалi зразумець усёй сур'ёзнасцi становiшча, у якiм апынулiся. Яны перамаўлялiся, смяялiся, размахвалi рукамi, разглядалi асадную вежу. Круглатварая маладзiца з дзiцем на руках балбатала штосьцi з проставалосай старою, потым развязала на грудзях тасёмку сваёй прасторнай, у складках, шэрай сукенкi з вышыўкай на каўняры i стала кармiць грудзьмi немаўля. Яшчэ адно дзiця, годзiкаў сямi, сядзела на плечуку ў манаха, якi быў у чорным клабуку, i дубасiла старога па галаве драўляным мячом. Побач з манахам стаяў каранасты мужчына ў футравай куртцы, накiнутай на голае цела, з доўгiмi, да плячэй, валасамi, сцятымi аборкаю.Ён смачна ўплятаў лусту чорнага хлеба.