Читать «Пярсцёнак Лёвеншольдаў (на белорусском языке)» онлайн - страница 9
Сельма Лагерлеф
Неадкладна людзi спусцiлiся ў склеп i заўважылi, што там пануе страшны беспарадак i што шрубы труны сарваны. Калi знялi века, то адразу ж убачылi, што на ўказальным пальцы левай генералавай рукi пярсцёнка няма.
III
Я думаю пра караля Карла XII i спрабую ўявiць сабе, як людзi любiлi яго i як баялiся.
Бо я ведаю, што незадоўга да смерцi каралю надарылася аднойчы зайсцi ў карлштацкую царкву ў час богаслужэння. Ён прыехаў у горад вярхом, адзiн i нечакана; ведаючы, што ў царкве iдзе служба, ён спынiў каня каля царкоўнай брамы i ўвайшоў не праз галоўны ўваход, а праз прытвор, як звычайны прыхаджанiн.
Але ўжо ў дзвярах ён убачыў, што пастар падняўся на кафедру, i, не жадаючы перашкаджаць яму, застаўся стаяць там, дзе стаяў. Не адшукаўшы сабе нават месца на лаве, а прыхiнуўшыся спiнай да вушака, ён пачаў слухаць пропаведзь.
Але хоць ён i ўвайшоў непрыкметна i моўчкi стаяў у змроку пад царкоўнымi хорамi, з самай апошняй лавы нехта пазнаў яго. Магчыма, гэты быў стары салдат, якi страцiў руку цi нагу ў паходах i быў адасланы дамоў яшчэ да Палтавы. I салдату падумалася, што гэты чалавек з зачасанымi назад валасамi i арлiным носам, мабыць, i ёсць сам кароль. I, пазнаўшы яго, ён тут жа падняўся з лавы.
Суседзi на лаўцы, пэўна, здзiвiлiся, чаму ён устаў, i тады ён шапнуў iм, што сам кароль тут, у царкве. I ўслед за iм мiжвольна ўсталi ўсе, хто сядзеў на гэтай лаве, як гэта бывала заўсёды, калi з алтара цi з кафедры абвяшчалiся словы самога госпада Бога.
Вестка аб тым, што кароль у царкве, iмгненна разнеслася з гэтай лавы на iншыя, i ўсе як адзiн - i старыя i маладыя, i багатыя i бедныя, i хворыя i здаровыя - паднялiся з месца.
Здарылася гэта, як ужо сказана, незадоўга да смерцi караля Карла, калi пачалiся няшчасцi i беды. Бадай, ва ўсёй царкве не знайшлося б тады чалавека, якi не страцiў бы дарагiх яго сэрцу сваякоў або не згубiў усяго свайго багацця, i ўсё па вiне гэтага караля. I калi каму-небудзь нават i не даводзiлася наракаць на ўласны лёс, яму варта было б падумаць аб тым, да якой галечы даведзена краiна, колькi страчана заваяваных зямель, i аб тым, што ўсё каралеўства акружана ворагамi*.
* У апошнi перыяд вайны краiны - удзельнiцы Паўночнага Саюза (Данiя, Рэч Паспалiтая, Расея) - узмацнiлi ваенныя дзеяннi супраць Швецыi. Кароль Аўгуст вярнуў сабе польскi трон, i шведскiя войскi былi выгнаны з тэрыторыi Рэчы Паспалiтай. Дацкiя войскi ўварвалiся ў паўднёвую Швецыю, Расея заняла Фiнляндыю, Эстляндыю, Лiфляндыю, Аландскiя выспы.
I тым не менш, тым не менш... Як толькi людзi пачулi разнесеную шэптам погаласку аб тым, што тут, у храме Божым, знаходзiцца той самы чалавек, якога столькi разоў праклiналi, як усе адразу ўсталi.
Усталi i засталiся стаяць. Нiхто i не падумаў сесцi зноў. Гэта было проста немагчыма. Там ля бакавога ўвахода стаяў сам кароль, i пакуль ён стаяў, трэба было стаяць усiм. Калi б хтосьцi сеў, то зняважыў бы караля.
Магчыма, пропаведзь працягнецца доўга, але нiчога не паробiш, давядзецца пацярпець. Нiхто не хацеў зневажаць яго.