Читать «Зямля Фердынанда» онлайн - страница 2
Віктар Карамазаў
На другі дзень у майстэрню завітаў Куінджы. Фердынанд якраз працаваў над эскізам з Фаўнам, лясным міфалагічным богам. Фаўн сядзеў на скале, а пад скалой кіпела мора. Настаўнік узяў пэндзаль, паклаў колькі мазочкаў, даў парады, як пісаць ваду ў шторм, і раптам загледзеўся на эскіз з вясновым ручаём.
- А там у вас штосьці новае? - спытаў. - Вы дзе гэта знайшлі?
- У сваёй вёсцы.
Куінджы пачаў распытваць пра вёску, якая ў ёй прырода, якія людзі, бацькамі пацікавіўся: якой культуры, веры, мовы. Усё, што Фердынанд казаў, слухаў, здавалася, з увагай, а ўражанняў ад эскіза размова не прыглушыла - выбухнуў:
- Ах, які свежы тон! Так, гэта - вясна.
Фердынанд паспяшаўся - нібыта ў чымсьці апраўдацца:
- Пісаў па памяці.
Настаўнік вочы прыжмурыў, бровы звёў, спыніў:
- Тым больш выдатна, што захавалі ў памяці вясновую натуру, тон. Калі карціну пішаце, хавайце ад вачэй натурныя эцюды, пішыце тое, што засталося ў памяці, першае ўражанне. У ім, найпершым, самая краса і праўда. Гэтак і памяць вобразную будзеце развіваць. - Падумаўшы, дадаў:
- Тут мне бачыцца ваш будучы дыплом. Я бласлаўляю вас.
Цяпер, жывучы ў Багданаве, Фердынанд кожны дзень у розны час, пры розным асвятленні, нават як сонца хавалася ў хмарах, хадзіў да ручая, бачыў яго не толькі ў натуры, але і ў сваім, на палатне, фармаце, нават у раме будучай карціны, памеры якой таксама падказаў настаўнік. У той раме, якой яшчэ не было, як не было карціны, бачыў вільготнае паветра, высокую засмужаную лінію далягляду, як мякка яна яднала зямлю і неба, адчуванні людской і нейкай таямнічай, напэўна, Божай, радасці.
У Багданаве пражыў тыдзень, а яшчэ праз тыдзень, ужо ў Пецярбурзе, занатаваў у сшытку:
"22. 04. 1897.
Вуглём пачаў "Вясну".
Колькі дзён мінула - прызнаўся ў тым самым сшытку:
"Закончыў ваду ручая. Не ведаю, ці добра атрымалася, ці лепей, як у зімовым эскізе, але задаволены. Былі хвіліны, калі глядзеў на зробленае і адчуваў сябе шчаслівым".
Як радасцю дзяліўся са сшыткам, які заўсёды быў сумоўнікам, бліжэйшым сябрам, хоць разам з тым і хваляваўся: ці атрымалася ўсё, што трэба?
Што ратавала ад сумненняў? Крэда: маўчы і назірай? У ім слоў усяго два, але і ў двух - прастора: шукай мазок. Новы паклаў і не пазбавіўся сумненняў? Знайдзі і пакладзі другі. Не той ізноў? Шукай, кладзі наступны. Усё на палітры ёсць, усе колеры, адценні. Ніяк знайсці не ўдаецца - сябры падкажуць. У кожнага свой талент і свой густ - каму з іх верыць? Рылову, Рэрыху, Пурвіту, Багаеўскаму? Ці Століцы, які і сам, заўважыўшы твае пакуты, наб’ецца ў дарадцы? Ці Урублеўскаму, паляку, гэтым таксама блізкаму - па мове, нібы кроўнаму? Шмат думак - не бяда: ёсць выбар.
А быў яшчэ блізкі дарадца - Эрмітаж. Там класіка, любімыя аўтарытэты: Ван Дэйк, Веласкес, Рубенс, Мурыльё - ніхто з іх не хаваўся ад пытанняў маладога мастака. Яны жылі, тварылі ў іншым свеце, у іх іншымі былі натура, школа? Але аснова ўсяго - прырода, у ёй караніліся ўсе школы і эстэтыкі. Шукай тое карэнне - і знойдзеш сваю крону. А ці заўсёды? З карцінай класіка не паспрачаешся - жывога не хапала голасу.