Читать «Гатэль "Танатос Палац" (на белорусском языке)» онлайн - страница 5

Андрэ Моруа

- А сем'i вашых клiентаў нiколi не падавалi на вас у суд?

- Падаваць на нас у суд? - абразiўся Берстэкер - Божа праведны, а за што? Хто нас можа судзiць? Наадварот, сэр, сем'i нашых клiентаў рады, што нам без усякага скандалу ўдаецца вызвалiць iх ад праблем далiкатных i, часта, вельмi пакутлiвых. Не, не, сэр, мы ўсё гэта робiм хораша, карэктна, нашы клiенты нашы лепшыя сябры... Можа, вы жадаеце паглядзець свой пакой? Калi вы не супраць, мы вас змесцiм у нумар сто трынаццаты. Спадзяюся, вы не верыце ў прыкметы?

- Нiколькi, -адказаў Жан Манье. -Але я выхаваны ў строгiх рэлiгiйных правiлах, i, шчыра прызнаюся, думка аб самагубстве мяне трывожыць.

- Што вы, сэр! Якое самагубства! Аб гэтым i размовы не можа быць, - сказаў Берстэкер такiм безапеляцыйным тонам, што яго субяседнiк адразу сцiх. Сарконi, праводзьце пана Манье ў нумар сто трынаццаты. А што датычыцца трохсот даляраў, калi ласка, сэр, аддайце iх па дарозе нашаму касiру, кабiнет якога знаходзiцца побач з маiм.

Дарэмна шукаў Жан Манье ў нумары 113, цудоўна асветленым аранжавым захадам сонца, слядоў якiх-небудзь смертаносных прылад.

* * *

- Калi ў вас вячэра?

- У восем трыццаць, сэр, - адказаў слуга.

- Пераадзявацца трэба?

- Большасць джэнтльменаў трымаецца гэтага правiла, сэр.

- Добра. Я пераадзенуся. Падрыхтуйце мне чорны гальштук i белую сарочку.

Увайшоўшы ў салон, Манье сапраўды ўбачыў дэкальтаваных дам i мужчын у смокiнгах.

Да яго адразу ж падышоў пан Берстэкер, прыветлiвы i пачцiвы.

- О, пан Манье... Вы з'явiлiся... А я вас шукаў... Паколькi вы адзiн, я падумаў, цi не будзе вам прыемней павячэраць у кампанii з адной нашай клiенткай, мiсiс Кiрбi-Шоў.

Манье з незадавальненнем паморшчыўся:

- Я прыехаў сюды не затым, каб весцi свецкае жыццё... Але ўсё роўна... Вы можаце паказаць мне гэтую даму, не знаёмячы з ёю?

- Вядома, пан Манье... Мiсiс Кiрбi-Шоў - вунь тая маладая жанчына ў белым крэп-сацiнавым плаццi, што сядзiць каля пiянiна i гартае часопiс. Мне не верыцца, каб яе фiзiчны выгляд каму-небудзь не спадабаўся... Хутчэй наадварот... Гэта - на рэдкасць прыемная дама, добра выхаваная, iнтэлiгентная, з артыстычнай душой...

Сапраўды мiсiс Кiрбi-Шоў была вельмi прыгожая жанчына. Цёмныя валасы ў дробных буклях звiсалi аж да патылiцы, адкрываючы высокi лоб. Вочы разумныя, цёплыя, мяккiя. На якога чорта гэта мiлая iстота надумалася шукаць сабе смерцi?

- Няўжо i мiсiс Кiрбi-Шоў?.. Што, хiба i гэтая дама прыехала да вас, як i я, з той жа мэтай?

- Напэўна, - адказаў пан Берстэкер i шматзначна падкрэслiў: - На-пэў-на.